Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пэнтагон паведаміў аб адпраўцы Ўкраіне дапамогі на $1 млрд у рамках прынятага сёньня закону


Міністэрства абароны ЗША
Міністэрства абароны ЗША

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн сёньня падпісаў закон, які прадугледжвае выдзяленьне $61 млрд вайсковай дапамогі Ўкраіне. Сёньня ж у Міністэрстве абароны ЗША паведамілі, што накіроўваюць Кіеву першы пакет вайсковай дапамогі на суму $1 млрд.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі падзякаваў амэрыканскім уладам за новыя пакеты вайсковай дапамогі Кіеву, у якія, паводле яго, таксама ўвайшлі ракеты вялікай далёкасьці ATACMS.

«Цяпер будзем рабіць усё, каб кампэнсаваць паўгода, якія прайшлі ў дэбатах, у сумневах. Тое, што расейскі акупант змог за гэты час, тое, што Пуцін зараз плянуе, мы павінныя разьвярнуць супраць яго. Усе яго дзеяньні на фронце, усе яго ўдары па нашай энэргетыцы, інфраструктуры, увесь яго тэрор супраць нашых гарадоў і вёсак — усё гэта павінна мабілізаваць нас, кожнага ў сьвеце, хто сапраўды цэніць жыцьцё, на большы ціск на Расею», — падкрэсьліў Зяленскі.

Раней сёньня Сэнат ЗША ўсьлед за Палатай прадстаўнікоў ухваліў законапраект аб выдзяленьні дапамогі Ўкраіне.

Цяпер адміністрацыя ЗША павінная на працягу 45 дзён даць Кангрэсу доўгатэрміновую «стратэгію падтрымкі Ўкраіны» і на працягу месяца заключыць пагадненьне з Кіевам аб вяртаньні аказанай дапамогі.

З $60,84 млрд, прызначаных Украіне, каля $23 млрд пойдуць на папаўненьне запасаў амэрыканскай зброі, больш за $11 млрд — на фінансаваньне бягучых ваенных апэрацый ва Ўкраіне і яшчэ амаль $14 млрд — на закупкі ўзбраеньня і абароннай прадукцыі. Таксама Ўкраіне дадуць $7,85 млрд у крэдыт для падтрыманьня эканомікі. Акрамя таго, законапраект прадугледжвае пастаўку Кіеву дальнабойных ракет ATACMS.

Законапраект аб выдзяленьні $60 млрд Украіне быў заблякаваны ў Кангрэсе ЗША з канца 2023 году. На думку Інстытуту вывучэньня вайны, гэта паўплывала на сытуацыю на фронце: ва Ўкраіне ўзьнік дэфіцыт узбраеньня і Расея за кошт гэтага змагла дамагчыся тактычных посьпехаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG