Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нельга казаць, што на выбары ў КР ідуць толькі тыя, хто ляяльны да Сьвятланы Ціханоўскай», — Быкоўскі


Лідэр сьпісу «Закон і правапарадак» на сёлетняе абраньне ў КР Аляксандар Азараў, былая віцэ-сьпікерка КР Алена Жываглод, сьпікер КР Андрэй Ягораў. Архіўнае фота
Лідэр сьпісу «Закон і правапарадак» на сёлетняе абраньне ў КР Аляксандар Азараў, былая віцэ-сьпікерка КР Алена Жываглод, сьпікер КР Андрэй Ягораў. Архіўнае фота

Палітычны аналітык і мэдыяэкспэрт Паўлюк Быкоўскі разважае, што будзе ўяўляць сабою новы склад Каардынацыйнай рады, ці не пачне КР канкураваць з офісам Сьвятланы Ціханоўскай, і расказвае, як афіцыйная прапаганда рэагуе на выбары ў Раду.

Сьцісла:

  • КР можа стаць эфэктыўным інструмэнтам, які паспрыяе палітычнай дзейнасьці на эміграцыі.
  • У выніку выбараў у КР, хутчэй за ўсё, ня будзе аднаго вельмі вялікага пераможцы.
  • Афіцыйная прапаганда спрабуе пераконваць, што дэмакратычныя сілы — гэта разрозьненыя групы, якія канфліктуюць паміж сабой за грошы.

— Апошнім часам гучыць шмат меркаваньняў наконт таго, ці патрэбная беларусам Каардынацыйная Рада (КР), якую ролю яна будзе выконваць у структурах дэмакратычнай супольнасьці за мяжой.

— КР — гэта адна з спробаў стварыць прадстаўнічы орган. На сёньня ёсьць пэўная легітымнасьць, зьвязаная са Сьвятланай Ціханоўскай і тымі структурамі, якія яна стварыла. Але хацелася б мець прадстаўнічы орган, які будзе адстойваць розныя інтарэсы беларускага грамадзтва. І, акрамя таго, будзе мець магчымасьць патрабаваць справаздачы ад выканаўчых структураў.

Ужо КР гэтага, другога скліканьня зьбірала справаздачы ад чальцоў Аб’яднанага пераходнага кабінэту (адзін з чальцоў кабінэту — Азараў — пасьля гэтай справаздачы нават сышоў з пасады). І зараз можа стварыцца сытуацыя, калі ў беларусаў, якія вымушана зьехалі за мяжу, будзе і палітычны лідэр — Сьвятлана Ціханоўская — і пэўная структура, якая іх прадстаўляе.

Паўлюк Быкоўскі
Паўлюк Быкоўскі

Гэтага няма ў іншых народаў, і гэта даволі яркае выключэньне ў сусьветнай палітыцы. Адзіная падобная сытуацыя (якую, дарэчы, любіць дзяржаўная прапаганда) — гэта Вэнэсуэла, хоць там, канечне, свая спэцыфіка, цалкам паўтору нашай сытуацыі няма.

У цэлым КР можа стаць даволі моцным інструмэнтам, які дазваляе ня зьнікнуць палітычнай дзейнасьці на эміграцыі і назапашваць палітычныя практыкі, якіх не было.

Адна з такіх практык узгадана ў выбарчых дакумэнтах: спасылка на мэтадалёгію Гэра-Німаера, паводле якой пройдуць выбары па сьпісах у КР. Гэты мэтад дае перавагу малым партыям, каб яны былі прадстаўленыя ў заканадаўчым органе. Калі гэтая мэтадалёгія спрацуе, то ў Радзе ня будзе адной-дзьвюх надта вялікіх фракцыяў, а будзе шмат самых розных фракцыяў.

— Дыскусія пра тое, як будуць праходзіць выбары, ішла даволі доўга, вельмі актыўна з восені, і рашэньне было прынята толькі тады, калі мінулі ўсе раней абяцаныя тэрміны. У чым перавагі і мінусы менавіта гэтай сыстэмы?

— Самае галоўнае пытаньне, ці ўдасца правесьці выбары ў прынцыпе, ці возьме ў іх удзел дастаткова вялікая колькасьць людзей, каб гэтага было дастаткова для нейкай мінімальнай легітымнасьці гэтага інстытуту.

Пакуль масавая аўдыторыя ня ведае, дзе трэба будзе галасаваць, на які сайт ісьці і што для гэтага рабіць.

— Ужо вядомыя сьпісы тых рухаў і грамадзкіх аб’яднаньняў, якія прапануюць сваіх кандыдатаў на выбары ў КР. Ці можна сказаць, што гэтыя сьпісы прадстаўляюць фактычна ўвесь спэктар дэмакратычнага беларускага грамадзтва? Наколькі ўплывовыя тыя сілы, якія вырашылі ігнараваць выбары ў КР (напрыклад, рух «Вольная Беларусь»)?

— Пытаньне ў тым, ці можна ахапіць і прадставіць абсалютна ўсіх. Паколькі гэта «протапарлямэнт» зь ня вельмі зразумелымі паўнамоцтвамі — то думаю, што няма і такой матывацыі, каб усе без вынятку ўдзельнічалі. Але можна канстатаваць, што ахоп даволі шырокі. Нельга казаць, што ў КР ідуць толькі тыя, хто ляяльны да Сьвятланы Ціханоўскай, — ёсьць і тыя, хто яе даволі жорстка крытыкуе.

Іншае пытаньне — ці зьяўляюцца гэтыя групы носьбітамі нейкіх палітычных альбо ідэалягічных плятформаў. Гэта ацаніць даволі складана, бо ў некаторых ёсьць выразныя палітычныя каштоўнасьці, а наконт некаторых даволі складана вызначыцца, ці за левых яны, ці за правых.

Калі б гэтыя выбары былі аднамандатныя, то цалкам магчыма, што дэпутат, які прадстаўляе жыхароў акругі, можа і ня мець настолькі выразных палітычных поглядаў. А тут выбары ў КР фактычна нагадваюць выбары па партыйных сьпісах. І як выбарнікі могуць іх адрозьніваць? Я зараз бачу 3–4 сьпісы, якія спрабуюць актыўна расказваць пра свае погляды. Іншыя пакуль ня вельмі актыўна гэта робяць. Гэта можа прывесьці да таго, што галасаваньне за іх адбудзецца даволі выпадковым чынам.

— Чуваць галасы (напрыклад, Аляксандра Мілінкевіча), што ў Каардынацыйную раду могуць пранікнуць людзі, якія пажадаюць «скасаваць» статус Ціханоўскай або паставіць КР вышэй за яе. З гледзішча таго, якія паўнамоцтвы мае гэтая структура, — ці магчыма такое?

— Паўнамоцтвы КР, з аднаго боку, дала Сьвятлана Ціханоўская, зь іншага — нейкую частку КР узяла сабе сама. Якія паўнамоцтвы набудзе новае скліканьне КР пасьля выбараў — пакуль сказаць складана.

Што да магчымасьці «захапіць уладу», то тут ёсьць цікавы момант, зьвязаны менавіта з мэтадам галасаваньня Гэра-Німаера. Там вельмі складана атрымаць вельмі вялікую колькасьць галасоў для адной фракцыі. Пераразьмеркаваньне атрымліваецца такім чынам, што ня будзе аднаго вельмі вялікага пераможцы.

Іншая справа, што фракцыі могуць аб’яднацца. Але на сёньня мы бачым, што самыя масавыя і прыкметныя сьпісы — Латушкі, Дабравольскага — так ці іначай зьвязаныя з офісам Ціханоўскай. І наўрад ці магчымы варыянт, што яны пойдуць радыкальна супраць яе.

— Як дзяржаўная прапаганда рэагуе на інфармацыйныя нагоды, зьвязаныя з выбарамі ў КР?

— Найперш важна адзначыць, што галоўны прапагандыст — Аляксандар Лукашэнка — выказаўся пра «грызню и драку» ў «зьбеглых».

Іншыя прапагандысты таксама адзначыліся. Мукавозчык даводзіць, што дэмакратычныя сілы — гэта разрозьненыя групы, якія канфліктуюць паміж сабой за грошы. Падаецца наратыў, што гэтыя людзі выконваюць нейкую замежную замову.

Іншы набор — працягваецца цкаваньне Сьвятланы Ціханоўскай, у самых розных аспэктах. Выкарыстоўваюцца абразьлівыя выказваньні, гучаць абразы яе менавіта як жанчыны, што сабе па сабе павялічвае дыскрымінацыю жанчын у палітыцы. Увесь час гучыць мова нянавісьці, выкарыстоўваюцца гнюсныя прапагандысцкія прыёмы.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG