Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін пяты раз заступіў на пасаду прэзыдэнта Расеі. На інаўгурацыі не было большасьці заходніх прадстаўнікоў

абноўлена

Інаўгурацыя Ўладзіміра Пуціна, 7 траўня 2024
Інаўгурацыя Ўладзіміра Пуціна, 7 траўня 2024

Цырымонія інаўгурацыі пачалася ў Крамлі апоўдні паводле маскоўскага часу і праходзіла менш за гадзіну.

Уладзімір Пуцін прынёс прысягу прэзыдэнта Расеі. Цырымонія праходзіла ў Крамлі пры надзвычайных захадах бясьпекі.

У той час, пакуль ён ехаў у абноўленым браняваным аўтамабілі Aurus на сваю інаўгурацыю ў Крэмль, у Маскве ішоў дождж.

Аўтамабіль рухаўся па дарозе з абмежаваным аглядам — на адным баку былі будынкі Крамля, а зь іншага стварылі вялікую «сьцяну», стылізаваную ў колерах дзяржаўнага расейскага сьцяга.

Пасьля прынясеньня прысягі Ўладзімір Пуцін выказаў падзяку «кожнаму грамадзяніну Расеі і новых рэгіёнаў, удзельнікам спэцыяльнай ваеннай апэрацыі» за давер.

У сваёй прамове пасьля прысягі ён заявіў, што бясьпека і захаваньне народу зьяўляюцца прыярытэтам у ягонай дзейнасьці на пасадзе прэзыдэнта Расеі. Паводле яго, расейцы на выбарах пацьвердзілі «правільнасьць руху краіны».

«Упэўнены, мы з годнасьцю пройдзем праз гэты цяжкі рубежны пэрыяд, станем яшчэ больш моцнымі і абавязкова рэалізуем доўгатэрміновыя пляны і маштабныя праекты, накіраваныя на дасягненьне мэтаў разьвіцьця», — заявіў Уладзімір Пуцін.

Паводле яго, Расея будзе ўмацоўваць «добрыя дачыненьні з усімі краінамі, якія бачаць у расейскай дзяржаве надзейнага і сумленнага партнэра».

«Мы не адмаўляемся ад дыялёгу з заходнімі дзяржавамі. Выбар за імі: ці маюць яны намер і далей спрабаваць стрымліваць разьвіцьцё Расеі, працягваць палітыку агрэсіі і ціску, які гадамі не спыняецца на нашу краіну, або шукаць шлях да супрацы і міру. Паўтару: размова, у тым ліку ў пытаньнях бясьпекі, стратэгічнай стабільнасьці, магчымыя, але не з пазыцыі сілы, без усялякай фанабэрыстасьці і ўласнай выключнасьці, а толькі на роўных — з павагай да інтарэсаў адзін аднаго», — заявіў Уладзімір Пуцін.

Паводле яго, Расея з «эўразійскімі партнэрамі» працягне будаваць «шматпалярны сьвет».

Пасьля цырымоніі інаўгурацыі, кіраўнік Расейскай праваслаўнай царквы Кірыл правёў службу ў гонар інаўгурацыі Ўладзімір Пуціна. У сваёй прамове кіраўнік РПЦ сказаў, што кіраўнік дзяржавы часам мусіць ухвальваць «лёсавызначальныя рашэньні, зьвязаныя з ахвярамі», але іх ні царква, ні народ не асуджалі.

Хто прысутнічаў на цырымоніі

У зале прысутнічалі кіраўнікі, прызначаныя Расеяй у акпаваных украінскіх рэгіёнах, дэпутаты расейскага парлямэнту, акторы, удзельнікі вайны ва Ўкраіне.

Прадстаўнікі ЗША і большасьці краін Эўрапейскага зьвязу байкатавалі цырымонію ўступленьня Ўладзіміра Пуціна на пасаду кіраўніка Расеі на новы шасьцігадовы тэрмін.

«У нас ня будзе прадстаўніка», — сказаў на брыфінгу 6 траўня прадстаўнік Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША Мэт'ю Мілер.

На дадатковае пытаньне журналіста, ці азначае гэта, што адміністрацыя ЗША не прызнае Ўладзіміра Пуціна легітымным прэзыдэнтам, Мэцью Мілер адказаў: «Мы, вядома, ня лічым гэтыя выбары свабоднымі і справядлівымі, але ён [Пуцін] — прэзыдэнт Расеі і будзе працягваць заставацца ў гэтай якасьці».

У амбасадзе Эўразьвязу ў Расеі таксама паведамілі, што іхны прадстаўнік ня будзе прысутнічаць на інаўгурацыі.

З 27 краін Эўразьвязу толькі шэсьць накіравалі сваіх прадстаўнікоў на цырымонію, у тым ліку Францыя, Вугоршчына, Славаччына, Грэцыя, Мальта і Кіпр, хоць улады Ўкраіны заклікалі ігнараваць інаўгурацыю Ўладзіміра Пуціна.

Як паведаміла расейская служба «Голасу Амэрыкі», розная пазыцыя заходніх краін аб удзеле ў цырымоніі сьведчыць аб рознагалосьсях сярод эўрапейскіх партнэраў у сфэры падтрыманьня кантактаў з Масквой пасьля больш як двухгадовага ваеннага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну.

Уладзімір Пуцін «пераканаўча» перамог на так званых «прэзыдэнцкіх выбарах» сёлета ў сакавіку, усяго празь некалькі тыдняў пасьля таго, як яго найбольш яскравы апанэнт Аляксей Навальны памёр пры нявысьветленых абставінах у турме.

Урады заходніх краін назвалі гэтыя «перавыбары» несправядлівымі і недэмакратычнымі, а Ўкраіна назвала Пуціна «архітэктарам» расейскага ўварваньня.

«Украіна ня бачыць прававых падстаў для прызнаньня яго дэмакратычна выбраным і легітымным прэзыдэнтам Расейскай Фэдэрацыі», — адзначаецца ў заяве Міністэрства замежных спраў Украіны.

У МЗС Украіны мяркуюць, што заступленьне на пасаду стварае «ілюзію законнасьці амаль пажыцьцёвага знаходжаньня ва ўладзе чалавека, які ператварыў Расейскую Фэдэрацыю ў дзяржаву-агрэсарку, а кіроўны рэжым — у дыктатуру».

Пакуль няма інфармацыі аб тым, хто прадстаўляў Беларусь на гэтай цырымоніі. 6 траўня ў прэсавай службе Аляксандра Лукашэнкі паведамілі, што ён зьбіраецца ў Маскву, дзе будзе знаходзіцца два дні — 8 і 9 траўня. У першы дзень ён возьме ўдзел у юбілейным пасяджэньні вышэйшага Эўразійскага эканамічнага савету, а ў другі дзень будзе прысутнічаць на вайсковым парадзе на Краснай плошчы ў Маскве.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG