Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Рукамі мы рабіць нічога ня будзем». Хто і як падлічыць галасы на выбарах у Каардынацыйную раду


Жанчына галасуе на рэфэрэндуме аб зьменах у Канстытуцыю на ўчастку ў Віцебску, 2022. Ілюстрацыйнае фота
Жанчына галасуе на рэфэрэндуме аб зьменах у Канстытуцыю на ўчастку ў Віцебску, 2022. Ілюстрацыйнае фота

Арганізатары выбараў абяцаюць, што асабістыя зьвесткі выбарнікаў ня будуць нідзе захоўвацца, іх адразу выдаляць.

Працягваецца выбарчая кампанія ў Каардынацыйную раду. Да 25 траўня праходзіць агітацыя, самі выбары адбудуцца з 25 па 28 траўня. Расказваем, як гэта будзе адбывацца, хто будзе лічыць галасы і ці бясьпечна гэта для выбарнікаў.

Хто ідзе ў Каардынацыйную раду

На 80 мандатаў прэтэндуюць 266 чалавек. Гэта палітыкі, актывісты, грамадзкія дзеячы, аб’яднаныя ў 12 сьпісаў палітычных суб’ектаў, то бок у палітычныя аб’яднаньні. Галасы будуць аддаваць за сьпісы: адзін голас за адзін сьпіс. Чым вышэй імя прэтэндэнта стаіць у сьпісе, тым большая імавернасьць, што ён трапіць у склад Каардынацыйнай рады 3-га скліканьня. Усе імёны са сьпісаў вядомыя, а таксама апублікаваныя іх палітычныя праграмы.

Як будуць галасаваць

Галасаваньне будзе адбывацца праз адмысловую праграму да смартфона. Па словах старшыні цэнтральнай выбарчай камісіі Алены Прыходзькі, яе распрацоўвалі спэцыяльна да выбараў.

«Карыстальнік зможа спампаваць гэтую праграму, усталяваць на свой смартфон, прайсьці згодна з інструкцыяй усе крокі і потым выдаліць, калі гэта для яго небясьпечна. У праграме ёсьць ідэнтыфікацыя па пашпарце і фатаздымку, аднак, гэтыя зьвесткі нікуды за межы прылады не выходзяць. У камісію чалавек не дасылае сваіх зьвестак. Праграма ідэнтыфікуе пашпарт як сапраўдны дакумэнт і супастаўляе выяву на пашпарце з тварам карыстальніка», — апісвае старшыня камісіі.

Пасьля ідэнтыфікацыі праграма генэруе ўнікальны код карыстальніка. Калі нешта ня так з дакумэнтам ці твар не адпавядае фатаздымку з пашпарта, то праграма не ідэнтыфікуе асобу.

Бясьпека

Па словах старшыні камісіі, зьвесткі карыстальнікаў ня будуць захоўвацца на нейкім сэрвісе. Софт для вэрыфікацыі дадзеных робіць амэрыканская кампанія. Зьвесткі карыстальніка выдаляюцца адразу пасьля вэрыфікацыі.

«Калі чалавек усталюе аплікацыю і пасьля выдаліць яе адпаведна інструкцыі, то яе сьлядоў не застанецца ў гісторыі спампоўваньняў. Там ня будзе ніякіх лічбавых сьлядоў. Гэтым працэсам займаецца Павал Лібер», — расказвае Алена Прыходзька.

Як будуць лічыць галасы

Лічыць галасы таксама будзе праграма, выбарчая камісія ня будзе падлічваць галасы «рукамі», абяцае суразмоўца.

«Рукамі мы рабіць нічога ня будзем. Сыстэма аўтаматычна разьмяркоўвае галасы па сьпісах у рэжыме рэальнага часу. Мы не плянуем назіраць за працэсам у рэжыме рэальнага часу, у якую тэчку што складаецца. Дэманстраваць мы гэта таксама ня будзем, толькі ў канцы будзе зразумела, за каго колькі галасоў аддалі, і пасьля будзе працэдура разьмеркаваньня мандатаў. Камісія назірае і пацьвярджае вынік. Мы правядзём тэставае галасаваньне, каб зразумець, што ўсё працуе», — гаворыць Алена Прыходзька.

Хто ўваходзіць у выбарчую камісію

Выбарчая камісія складаецца з 6 асобаў.

Старшыня камісіі Алена Прыходзька — журналістка, мэдыямэнэджарка, грамадзкая актывістка. Уваходзіла ў склад Каардынацыйнай рады 2-га скліканьня.

Яраслаў Бекіш — тэолаг-рэлігіязнаўца, магістар паліталёгіі ЭГУ, каардынатар сеткі экалягічных грамадзкіх арганізацый «Зялёная сетка», быў дэлегатам Каардынацыйнай рады 2-га скліканьня.

Альвіна Мінгазава — юрыстка, былая сябра Менскай гарадзкой калегіі адвакатаў.

Алена Філатава — сябра партыі «Народная Грамада». Пастаянная ўпаўнаважаная прадстаўніца каманды Мікалая Статкевіча ва Ўкраіне. Праваабаронца, блогерка.

Зьміцер Лазавік — юрыст, былы адвакат. Быў назіральнікам на выбарах прэзыдэнта ў 2020 годзе, быў дэлегатам на плятформе «Сход».

Андрэй Атаманчук — юрыст, правазнавец, былы адвакат Менскай абласной калегіі адвакатаў.

Склад выбарчай камісіі зацьвердзілі на агульным паседжаньні Каардынацыйнай рады 2-га скліканьня. Два чалавекі зь яе ўваходзілі ў склад Каардынацыйнай рады 2-га скліканьня.

«Каб не было канфлікту інтарэсаў, калі сфармавалася камісія, і я, і Яраслаў Бекіш выйшлі зь сяброў КР, і мы не балятуемся і ня можам балятавацца, а таксама не прадстаўляем нейкай палітычнай сілы, фракцыі ці партыі», — гаворыць Алена Прыходзька.

У палажэньні аб выбарах мэханізм фармаваньня выбарчай камісіі апісваецца наступным чынам:

«Камісія складаецца зь ня менш як 5 сяброў, кандыдатуры могуць быць прапанаваныя Каардынацыйнай радай Беларусі, нацыянальнай лідэркай і кіраўніцай Аб’яднанага пераходнага кабінэта Беларусі, Аб’яднаным пераходным кабінэтам Беларусі, Грамадзкім арганізацыйным камітэтам, палітычнымі партыямі і прадстаўнікамі грамадзкасьці».

Што такое Каардынацыйная рада

У Каардынацыйнай радзе 3-га скліканьня будзе 80 дэлегатаў, усе яны трапяць туды праз працэдуру галасаваньня.

Каардынацыйная рада — прадстаўнічы орган дэмакратычных сілаў і арганізацый грамадзянскай супольнасьці Беларусі. Каардынацыйная рада ўзьнікла ў жніўні 2020 году, каб пераадолець палітычны крызіс. Скліканьне Каардынацыйнай рады ініцыявала Сьвятлана Ціханоўская. Цяпер Каардынацыйная рада працуе за мяжой, гэта своеасаблівы протапарлямэнт. Улады Беларусі перасьледуюць сяброў Каардынацыйнай рады, заведзена крымінальная справа аб «закліках, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Беларусі».

Сябры прэзыдыюму Марыя Калесьнікава і Максім Знак асуджаныя на 11 і 10 гадоў калёніі. Па беларускіх адрасах сотні чалавек, зьвязаных з Радай, прайшлі ператрусы.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG