Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агенцтва ўнутранай бясьпекі Польшчы зьбіралася арыштаваць судзьдзю Шмыта за шпіянаж, — Onet.pl


Томаш Шмыт.
Томаш Шмыт.

Агенцтву ўнутранай бясьпекі Польшы ўжо некалькі месяцаў было вядома аб сувязях судзьдзі Томаша Шмыта зь беларускімі службамі, піша Onet.pl з спасылкай на крыніцы як у польскіх службах, так і ва ўрадзе.

Шмытам нават мусіла займацца польская контравыведка, а дзеяньні польскіх службаў былі накіраваныя на тое, каб арыштаваць яго за шпіянаж. Аднак у канцы апэрацыі нешта пайшло ня так, піша выданьне.

Па неафіцыйнай інфармацыі Onet, судзьдём Томашам Шмытам некалькі месяцаў пільна цікавілася Агенцтва ўнутранай бяспекі. Больш за тое, яго справай займалася польская контравыведка, якая зьбірала доказы, накіраваныя на арышт судзьдзі па абвінавачаньні ў вядзеньні шпіёнскай дзейнасьці на карысьць замежнай дзяржавы.

Гэтую інфармацыю выданьню пацьвердзілі дзьве незалежныя крыніцы, як у польскіх службах, так і ва ўрадзе. Па дадзеных інфарматараў, судзьдзя Шміт як мінімум некалькі гадоў быў у кантакце зь беларускімі службамі, а таксама з расейскімі службамі, якія дзейнічаюць на тэрыторыі Польшчы.

6 траўня Томаш Шмыт, судзьдзя 2-га аддзяленьня ваяводзкага адміністрацыйнага суду Варшавы, выступіў у прэс-цэнтры беларускага дзяржаўнага агенцтва БелТА. На брыфінгу ён падпісаў заяву аб адстаўцы, заявіў, што папрасіў абароны ў беларускіх уладаў, і выказаўся ў падтрымку палітыкі афіцыйнага Менску. Свае дзеяньні ён патлумачыў нязгодай з палітыкай і дзеяньнямі ўладаў Польшчы.

Цяпер польскія спэцслужбы разьбіраюцца, якой уразьлівай інфармацыяй зь беларускімі спэцслужбамі можа падзяліцца зьбеглы судзьдзя.

Польскае выданьне Gazeta Wyborcza высьветліла, што судзьдзя Томаш Шмыт часта на службе вызначаў, каму даваць доступ да сакрэтных матэрыялаў. У Варшаўскім ваяводзкім адміністрацыйным судзе ён займаўся справамі, датычнымі дзяржаўных таямніц. На 4 чэрвеня ён быў прызначаны ў склад камісіі адносна наданьня доступу да сакрэтнай інфармацыі, у тым ліку да таямніц NATO, Эўразьвязу і Эўрапейскай касьмічнай агенцыі (ЭКА).

Вядома, што судзьдзя Шмыт уцёк у Беларусь праз Турэччыну.

Выданьне піша, што Шмыта шанавалі ў часы ўраду ПіС, генэральны пракурор Польшчы Зьбігнеў Зёбра прызначыў яго на працу ў Дзяржаўны судовы рэестар (па-польску KRS, які ў час рэформаў ПіС атрымаў у прэсе назву neo-KRS). Аднак Эўрапейскі суд правоў чалавека і Трыбунал правасудзьдзя ЭЗ у сваіх выраках пасьля разгляду польскай справы адзначылі, што судзьдзі прызначаліся ў KRS памылкова. У сакавіку Таварыства польскіх судзьдзяў Iustitia, грунтуючыся на гэтых рашэньнях, пастанавіла, што працэдуру неабходна паўтарыць.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG