Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пратасевіча аштрафавалі на амаль 24 мільёны рублёў разам з Пуцілам, Рудзікам і асуджанымі ў «справе Ціханоўскага»


Раман Пратасевіч, архіўнае фота
Раман Пратасевіч, архіўнае фота

Суд Менскага раёну 7 траўня разгледзеў грамадзянскі пазоў дзяржаўных органаў у дачыненьні да ўдзельнікаў мэдыяпраекту Nexta Рамана Пратасевіча, Яна Рудзіка і Сьцяпана Пуцілы і пастанавіў спагнаць зь іх у даход дзяржавы 23,8 мільёна рублёў. Пра гэта Раман Пратасевіч расказаў у сваім ютуб-канале.

«Спагнаць у салідарным парадку з Пратасевіча, Пуцілы, Рудзіка ў даход дзяржавы ў асобе Міністэрства фінансаў шкоду, прычыненую злачынствамі ў памеры 23 389 868 рублёў і 3 капеек. І другая частка — спагнаць з пазваных у даход дзяржавы ў салідарным парадку дзяржаўнае мыта ў памеры 1 169 393 рублёў і 40 капеек», — зачытаў Пратасевіч рашэньне суду.

Ён таксама патлумачыў, што згодна з рашэньнем суду, якое ён цытаваў, 21 мільён з гэтых дваццаці трох павінен быць выплачаны «ў салідарным парадку» з палітвязьнямі Сяргеем Ціханоўскім, Мікалаем Статкевічам, Арцёмам Сакавым, Дзьмітрыем Паповым, Ігарам Лосікам, асуджанымі на працяглыя тэрміны пазбаўленьня волі ў так званай «справе Ціханоўскага».

«Я так разумею, што 21 мільён будзе дзяліцца на толькі што пералічаных мною людзей, і плюс нас трое. Так, гэтая сума будзе меншая», — сказаў Пратасевіч.

Гаворка пра шкоду падчас масавых акцыяў пратэсту ў 2020 годзе. Асноўная частка выплат павінна пайсьці МУС — на прэміі і пазаўрочныя супрацоўнікам, транспартныя і камандзіровачныя выдаткі, выдаткі на лячэньне пацярпелых падчас пратэстаў супрацоўнікаў і страхавыя выплаты ім, харчаваньне пры ўзмоцненым нясеньні службы курсантамі і інш. Мінабароны ацаніла сваю шкоду ў памеры больш як 2 млн рублёў, Міністэрства надзвычайных сытуацыяў — 79 тысяч.

Пратасевіч у відэа адзначыў, што рашэньне суду стала для яго шокам, бо ён ня мае працы, уласнасьці і ня ў стане выплаціць неабходную суму.

Паводле Пратасевіча, у яго ёсьць тры шляхі: «зьехаць, плаціць усё жыцьцё 50% ад любога майго даходу або лезьці ў пятлю». Адзначыўшы, што апошні варыянт не для яго, Пратасевіч некалькі разоў паўтарыў, што ня мае права пакідаць Беларусь і не ўяўляе, як яму жыць далей.

  • Рамана Пратасевіча і Соф’ю Сапегу затрымалі 23 траўня 2021 году ў выніку арганізаванай беларускімі ўладамі вымушанай пасадкі ў Менску самалёта Ryanair, які ляцеў з Атэнаў у Вільню.
  • Менскі абласны суд 3 траўня 2023 году асудзіў Пратасевіча, які пайшоў на супрацоўніцтва са сьледзтвам, да 8 гадоў зьняволеньня ў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, але ўжо 22 траўня 2023 году Лукашэнка памілаваў Пратасевіча. Іншых фігурантаў «справы Nexta» асудзілі завочна ў рамках «спэцвядзеньня»: Сьцяпана Пуцілу асудзілі да 20 гадоў зьняволеньня, Яна Рудзіка — да 19 гадоў.
  • Нягледзячы на памілаваньне, 1 сьнежня 2023 году МУС унесла Пратасевіча ў «экстрэмісцкі сьпіс» з пазнакай «судзімасьць не пагашаная». У лютым 2024-га Пратасевіча выключылі з гэтага сьпісу.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG