Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Нямеччыне забаранілі расейскую сымболіку на сьвяткаваньні гадавіны завяршэньня II усясьветнай вайны


Ускладаньне вянкоў у гонар Дня Перамогі на савецкім ваенным мэмарыяле і вайсковых могілках у Трэптаў-парку ў Бэрліне, Нямеччына, 9 траўня 2014. Фота AP
Ускладаньне вянкоў у гонар Дня Перамогі на савецкім ваенным мэмарыяле і вайсковых могілках у Трэптаў-парку ў Бэрліне, Нямеччына, 9 траўня 2014. Фота AP

Амбасада Расеі ў Бэрліне заклікала гарадзкія ўлады скасаваць забарону.

8-9 траўня, у дні сьвяткаваньня гадавіны завяршэньня Другой усясьветнай вайны, на тэрыторыі савецкіх мэмарыялаў у Нямеччыне забаранілі выкарыстоўваць расейскую і савецкую сымболіку.

Як паведаміла Deutsche Welle, абмежаваньні будуць дзейнічаць на тэрыторыях савецкіх мэмарыялаў у паркаў Трэптаў, Тыргартэн і Шонгольцэр-Гайдзе і іх навакольлі.

Выключэньні прадугледжаны толькі для вэтэранаў вайны, дыпляматаў і іншых дзяржаўных прадстаўнікоў. Абмежаваньні таксама не распаўсюджваюцца на мітынгі за межамі мэмарыялаў і прылеглых да іх тэрыторый.

У прыватнасьці, паліцыя Бэрліна забараніла расейскія сьцягі, «георгіеўскія» стужкі, уніформы, ордэны, вайсковыя і маршавыя песьні, а таксама сымбалі, якія праслаўляюць вайну Расеі супраць Украіны, у тым ліку сымбаль Z.

Амбасада Расеі ў Бэрліне заклікала гарадзкія ўлады скасаваць забарону. «Мы расцэньваем гэтую забарону як дыскрымінацыю, якая супярэчыць духу гістарычнага прымірэньня паміж народамі Расеі і Нямеччыны ў пасьляваенны час», – адзначаецца ў заяве расейскай амбасады.


Сёлета ўсясьветная супольнасьць адзначае 79 гадоў зь дня заканчэньня Другой усясьветнай вайны ў Эўропе. У Нямеччыне імптрэзы праводзяцца 8 траўня, ва Ўкраіне – 8 і 9 траўня, а ў Расеі і большасьці іншых краін былога СССР – 9 траўня празь розьніцу ў часе пры падпісаньні дамовы аб капітуляцыі нацысцкай Нямеччыны.

Ужо трэці раз памятныя мерапрыемствы праводзяцца на тле агрэсіўнай вайны Расеі супраць Украіны. У мінулыя два гады гэта прыводзіла да канфліктаў паміж удзельнікамі розных груп дэманстрантаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG