Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 17 траўня: сямейную пару затрымалі за пратэсты-2020, дваровы чат і дапамогу ад ByHelp

абноўлена

Сядзіба ГУБАЗіК МУС у Менску, архіўнае фота
Сядзіба ГУБАЗіК МУС у Менску, архіўнае фота

Палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца.

Берасьцейца затрымалі за ўдзел у пратэстах у жніўні 2020-га

Сілавікі затрымалі шматдзетнага бацьку зь Берасьця, відэа зь ім апублікаваў праўладны тэлеграм-канал.

«Медиазона» знайшла старонку затрыманага ў сацсетках, там ён падпісаны як Юры Бутурлакін. На відэа мужчыну затрымліваюць як мінімум сем сілавікоў — некаторыя зь іх у форме, некаторыя ў цывільным адзеньні і з камэрамі, яны здымаюць тое, што адбываецца. Сілавікі ўрываюцца да яго дадому, кладуць яго тварам у падлогу.

Далей паказаны затрыманы, ён стаіць перад камэрай у кайданках і кажа, што 10 жніўня 2020 году знаходзіўся на праспэкце Машэрава, выкрыкваў «нецэнзурную лаянку ў адрас праваахоўных органаў». На фоне паказаныя кадры са жнівеньскіх пратэстаў у Берасьці.

Паводле якіх менавіта артыкулаў затрымалі берасьцейца і што зь ім цяпер, невядома.

Сямейную пару затрымалі за ўдзел у пратэстах, дваровы чат і дапамогу ад ByHelp


Сямейную пару затрымалі за ўдзел у пратэстах, адміністраваньне дваровага чату і атрыманьне дапамогі ад арганізацыі ByHelp. Відэа з сужэнцамі апублікаваў праўладны канал, піша «Медиазона».

На відэа затрыманы кажа, што працаваў інжынэрам-цеплатэхнікам, і «па родзе дзейнасьці валодаў інфармацыяй аб месцы пражываньня вышэйшых службовых асоб, у тым ліку кіраўніка дзяржавы». Гэтую інфармацыю, як ён кажа на камэру, ён пакідаў у чаце праекту «Краіна для жыцьця».

Ён таксама расказаў, што быў адміністратарам чата «Наш двор», арганізоўваў дваровыя імпрэзы, а таксама выходзіў разам з жонкай на пратэсты ў 2020 годзе. За гэта, як гаворыць ён на відэа, яго звольнілі, і ён зьвяртаўся ў ініцыятыву ByHelp па прадуктовую дапамогу.

Далей на відэа паказваюць і жонку затрыманага, яна кажа, што ўдзельнічала ў пратэстах і зьвярталася па дапамогу ў ByHelp.

Паводле якіх менавіта артыкулаў затрымана сямейная пара і што зь імі цяпер, невядома.

Жыхарку Менска асудзілі за ўдзел у пратэстах на 2,5 гады «хатняй хіміі»

У судзе Савецкага раёна Менска 24 красавіка асудзілі Вольгу Нікіфараву паводле ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх). Яе апазналі па фота ў Instagram, піша «Вясна». Судзьдзя Вольга Емяльянчанка прызначыла Нікіфаравай два гады і шэсьць месяцаў абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняй хіміі»).

Жанчыну абвінавацілі ва ўдзеле ў акцыі пратэсту ў Менску ў 2020 годзе і выхадзе на праезную частку. Вядома, што ў якасьці сьведкі на судовым пасяджэньні выступаў муж Вольгі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG