Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэчыца: “Я ніколі вас не пушчу фарбаваць гэты ламаны дах”


Радыё Свабода, Рэчыца, Гомельская вобласьць Горад Рэчыца, дзе ўвосень пройдуць рэспубліканскія Дажынкі, нагадвае цяпер вялікую будаўнічую пляцоўку. Сюды прыцягнуты розныя арганізацыі будаўнікоў ня толькі з Гомельскай вобласьці, але і зь Берасьця, Баранавіч, шэрагу іншых гарадоў краіны.

Апусьцела цэнтральная плошча перад райвыканкамам: на ёй зьнесьлі гістарычны двухпавярховы будынак былой жаночай гімназіі – адзін з чатырох гарадзкіх муроў, збудаваных напрыканцы ХIХ – пачатку ХХ стагодзьдзя. Побач пашыраецца вуліца Леніна.

Замест асфальту ходнікі цэнтральных вуліц тэрмінова выкладаюць пліткаю. Па-над Дняпром шпаркімі тэмпамі будуецца амфітэатар на тысячу месцаў, а на ўезьдзе ў горад з поўдня дарожнікі робяць праз чыгунку пуцеправод.

У падрыхтоўку да блізкіх Дажынак уцягнуты й гараджане. Асабліва – насельнікі прыватных дамоў цэнтральнай часткі гораду. Усім загадана пафарбаваць хаты, агароджу, замяніць на дахах стары шыфэр.

Паводле распараджэньня мясцовых уладаў, дапамогу прыватнікам фарбай і матэрыяламі абавязаны аказваць гарадзкія прадпрыемствы.

Распавядае жыхар Рэчыцы, які назваўся Львом Фёдаравічам:

“Зелянгас даў фарбу: пафарбаваць, каб прыгожа было да Дажынак. Абяцаюць яшчэ нам шыфэр даць. Разы тры ці чатыры прыходзілі зь Зелянгасу: “Мы вам шыфэр на дах прывязём”. І ніяк не прывозяць. Сусед ужо накрыў дах сваім шыфэрам. Трэба ж рабіць – каб усё пад адно было, каб прыгожа выглядала. Але ж не вязуць. Ня ведаю, у чым там справа. Мы ўжо даўно накрылі б гэты дах. А так… прывязуць за пару дзён да тых Дажынак – хіба ж мы накрыем? Паказуха!”

Суседка майго суразмоўцы з дому па вуліцы Савецкая, 5 спадарыня Людміла скардзіцца:

“На нашым доме вельмі кепскі дах: усё старое, немагчыма дакрануцца. Канькі дрэнныя. Але паступіла каманда: трэба фарбаваць! Міліцыю выклікалі. Як быццам, тут захват ці путч, як у Маскве рабілі. Міліцыю на мяне выклікалі. Гэта каб лезьлі й фарбавалі ламаны дах. Нам “Гандальсэрвіс” паабяцаў, што прывязе шыфэр у панядзелак. Чакайце! Мы паўмесяца ўжо чакаем. На дом №7 шыфэр прывезьлі, хаця ў іх дах яшчэ добры. А ў нас дах сыплецца. Дык сказалі: мы пафарбуем. А я ім у адказ: “Я ніколі вас не пушчу фарбаваць гэты ламаны дах”. Дах у мяне пакуль не цячэ, дождж ня лье ў хату. Яны палезуць на гэты стары шыфэр, пафарбуюць. А што потым? Дах пацячэ, столь абваліцца. Куды мне потым зьвяртацца? Закончацца Дажынкі, а мая хата – паплыве”.

Гараджане сьцьвярджаюць, што аднаўленьне тых жа дахаў на прыватных хатах шмат у чым залежыць ад камісій, створаных раённымі ўладамі дзеля вызначэньня аб’ёмаў працы. Кажуць, добра таму, хто знаёмы з чальцамі камісіі: такі гаспадар без праблем атрымае бясплатны будаўнічы матэрыял на рамонт. Іншым – не пазьбегнуць усялякіх узрушэньняў.

Паводле афіцыйных зьвестак, на правядзеньне Дажынак у Рэчыцы ўжо выдаткавана 182 мільярды рублёў. На гэтыя грошы, як падлічылі спэцыялісты, можна было збудаваць для жыхароў раённага цэнтру каля 3 тысяч двухпакаёвых кватэр.

На здымку: дом на вуліцы Савецкая, 5



На здымку: Царква ў цэнтры Рэчыцы ў рыштаваннях



На здымку: Вуліца Леніна пашыраецца



На здымку: Амфітэатар па-над Дняпром



На здымку: На ходніках замест асфальту будзе плітка

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG