Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці ўдасца дэмакратычным сілам вызначыць адзінага кандыдата ў прэзыдэнты?


Валер Карбалевіч, Менск Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: галоўны рэдактар газэты “Згода” Аляксей Кароль і юрыст Яўген Лабановіч.

(Валер Карбалевіч: ) “Да прэзыдэнцкіх выбараў яшчэ паўтара года, а ў апазыцыйным асяродзьдзі ідзе бурлівы працэс падрыхтоўкі да іх. Адзінага кандыдата павінен вызначыць кангрэс дэмакратычных сілаў 28-29 траўня гэтага году. Ідэя “праймэрыз” не атрымала падтрымкі. Ужо пачалося вылучэньне кандыдатаў. У мінулую суботу палітсавет Аб’яднанай грамадзянскай партыі прапанаваў кандыдатуру Лябедзькі. У аўторак аб намеры ўдзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах аб’явіў Пазьняк. У сераду Эўрапейская кааліцыя вылучыла кандыдатам у прэзыдэнты Статкевіча. Як бы вы маглі пракамэнтаваць гэты працэс вылучэньня адзінага кандыдата? Наколькі ён эфэктыўны? Ці дасьць ён вынік, патрэбны апазыцыйным сілам?”

(Аляксей Кароль: ) “Працэс вылучэньня адзінага кандыдата карысны ў тым сэнсе, што ён абуджае грамадзкую думку, дае сыгнал грамадзтву, што зьмены магчымыя, яны стаяць на парозе, але гэтых зьменаў трэба дамагацца. Таму ў сэнсе агітацыі, прапаганды, тлумачэньня гэта карысная кампанія. Тым больш, што ўлады хацелі б зьвесьці гэты працэс да адной усім вядомай асобы.

Што тычыцца мэханізму вылучэньня адзінага кандыдата, то, зразумела, ён яшчэ не дакладны. Будуць яшчэ ўдакладняцца і тыя прапановы, якія ўжо прагучалі. І калі, напрыклад, казаць пра Эўрапейскую кааліцыю, пра якую вы згадалі, то ўзьнікае пытаньне аб асобе Статкевіча. Бо ў гэтую кааліцыю ўваходзіць БСДП НГ. А на нядаўнім зьезьдзе гэтай партыі замест Статкевіча там быў выбраны новы кіраўнік.

Цяпер вельмі складана прагназаваць, які вынік дасьць гэты працэс. Я ня думаю, што імя адзінага кандыдата будзе вызначана ў блізкім часе. Хутчэй за ўсё, гэта аддаленая пэрспэктыва. У апазыцыйным асяродзьдзі былі аўтарытэтныя постаці, якія маглі прэтэндаваць на статус адзінага кандыдата. Але існуе падазрэньне, што ўлады спрычыніліся да іх сыходу з палітычнай арэны. Я маю на ўвазе Карпенку, Захаранку, Ганчара. Калі б яны былі жывыя, то і сам працэс вылучэньня адзінага кандыдата быў бы іншым”.

(Яўген Лабановіч: ) “Галоўнае, каб адзіны кандыдат зьявіўся. Мэтад ягонага зьяўленьня ня мае вялікага значэньня. Такая працэдура, як праймэрыз, патрабуе вялікай ступені легальнасьці, удзелу вялікай колькасьці людзей, значных рэсурсаў. Гэта цяжка ажыцьцявіць пры тым аўтарытарным рэжыме, які цяпер існуе ў Беларусі. Вылучэньне адзінага кандыдата кангрэсам дэмакратычных сілаў — ня горшы варыянт. Але я хачу падкрэсьліць вось што. Любая працэдура прымальная, але пры адной умове: калі ўсе дэмакратычныя сілы згодныя на яе і пагаджаюцца з магчымым вынікам”.

(Карбалевіч: ) “Вынесем за дужкі нашага абмеркаваньня складанае пытаньне аб тым, якім чынам будзе фармавацца склад кангрэсу дэмакратычных сілаў. Паставім іншае пытаньне. Тыя кандыдаты, якія публічна агучылі свой намер змагацца за вышэйшую пасаду ў дзяржаве, у палітыцы ўжо даўно. Але іх рэйтынг, мякка кажучы, зусім невялікі. Наўрад ці да траўня можа здарыцца нешта такое, што заўважна павысіць іх папулярнасьць у грамадзтве. То бок, сацыялёгія мала дапаможа ў вырашэньні праблемы выбару адзінага кандыдата, які змог бы перамагчы Лукашэнку. Тады па якіх крытэрах будуць выбіраць дэлегаты кангрэсу? Хто больш спадабаецца, хто больш “свой”, ідэйна і палітычна больш блізкі? Але ці ня здарыцца так, што чым больш адзіны кандыдат будзе палітычна блізкі апазыцыянэрам, тым больш ён будзе далёкі асноўнай частцы электарату?”

(Кароль: ) “Сапраўды, на гэтым этапе сацыялёгія нам дапаможа няшмат. Яна можа дапамагчы ўжо пасьля таго, калі будзе акрэсьлена пэўная колькасьць асобаў (лепш 2–3), на якіх пагодзяцца дэмакратычныя сілы. Іншы бок праблемы: невядомасьць кандыдата — гэта яшчэ не недахоп. Калі ў грамадзтве няма ніякага ўражаньня аб кандыдаце — пазытыўнага альбо нэгатыўнага, то зь яго лепш складаць патрэбны вобраз на пазьнейшых этапах.

Што тычыцца цяперашняга этапу, то кожная з партыяў, хутчэй за ўсё, будзе імкнуцца вылучыць свайго кандыдата. Іншая праблема — адзінства дэмакратычных сілаў, якое склалася на папярэдніх этапах. Было б вельмі нармальна, калі б яны дамовіліся пра 2–3 асобы. І галоўны кандыдат павінен вылучыцца ўласнай актыўнасьцю і дзеяньнямі.

Гэтага адзінства пакуль што няма. Існуе разлад. Гэта пацьвярджае прыклад выбараў у Горадні, калі на адну акругу прэтэндуе чатыры дэмакратычныя кандыдаты. І яны ня маюць пляну, калі трэба дамовіцца аб адзіным кандыдаце. Таму праблема адзінага кандыдата — гэта праблема якасьці адзінства дэмакратычных сілаў”.

(Лабановіч: ) “Рэч у тым, што народ нікога ня ведае, акрамя Лукашэнкі. Таму галоўнае, каб зьявіўся адзіны кандыдат. А пытаньне аб тым, будзе ён бліжэй да апазыцыі ці далей — гэта не вялікая праблема. Але, безумоўна, ёсьць людзі, якія непрымальныя для большай часткі грамадзтва. Напрыклад, я зь вялікаю павагаю стаўлюся да пазыцыі і поглядаў Зянона Пазьняка, але зразумела, што ён не атрымае 50% падтрымкі грамадзтва. Я лічу, што дэлегаты кангрэсу — гэта людзі прагматычныя, якія будуць выбіраць такога адзінага кандыдата, які зможа быць падтрыманы большаю часткаю грамадзтва”.

(Карбалевіч: ) “Нават калі ўдасца на кангрэсе дэмакратычных сілаў выбраць адзінага, вельмі верагодна, што частка кандыдатаў, якія не атрымалі падтрымку дэлегатаў, не пагодзяцца зь ягонымі рашэньнямі і пойдуць самастойна, складуць канкурэнцыю адзінаму кандыдату. Ня выключана сытуацыя, калі недзе бліжэй да выбараў зьявяцца новыя, нечаканыя асобы, магчыма, з намэнклятуры, якія таксама складуць канкурэнцыю. Што вы думаеце на гэты конт?”

(Кароль: ) “Безумоўна, зьявяцца новыя кандыдаты. І хутчэй за ўсё, іх будзе шмат. Возьмем нядаўні прыклад Украіны. Там было, здаецца, 28 кандыдатаў у прэзыдэнты. Але было відавочна, што толькі два чалавекі маюць шанцы на перамогу. Калі будзе адзіны кандыдат ад апазыцыі, і выбары будуць без фальсыфікацыяў, то магчымая ягоная перамога. І вялікая колькасьць кандыдатаў ня ёсьць перашкодай для адзінага кандыдата. Іншая справа, што для гэтага адзінага кандыдата ўзьнікае вялікая пагроза з боку ўладаў”.

(Лабановіч: ) “Безумоўна, так і будзе. Тое ж самае адбывалася ва Ўкраіне, Югаславіі. Будуць яшчэ 8–10 кандыдатаў, якія будуць прэзэнтаваць сябе як апазыцыйныя. Але згадваецца досьвед прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году. Тады было 12–13 кандыдатаў, якія прэтэндавалі на апазыцыйную нішу. Я тады быў кіраўніком ініцыятыўнай групы Домаша. І мы тады прагназавалі, што акрамя Домаша яшчэ, можа, адзін кандыдат мае магчымасьць сабраць больш за 100 тысяч подпісаў. Так і адбылося. Неабходную колькасьць подпісаў сабраў Домаш, на якога працавалі структуры АГП, БНФ, частка БСДП НГ. І таксама сабраў подпісы Ганчарык, зь якім працавалі афіцыйныя прафсаюзы і частка БСДП НГ. Усе астатнія кандыдаты, якія не абапіраліся на апазыцыйныя структуры, не сабралі неабходнай колькасьці подпісаў.

Гэткая ж сытуацыя будзе і ў наступным годзе. Калі будзе выбраны адзіны кандыдат ад апазыцыі, то ён аб’яднае структуры, людзей рэсурсы АГП, БНФ, магчыма, будучай аб’яднанай сацыял-дэмакратычнай партыі і, магчыма, камуністычнай партыі. І толькі ён будзе мець шанец сабраць больш за 100 тысяч подпісаў. Іншыя кандыдаты, якія будуць абапірацца на каманды-аднадзёнкі, адмысловыя фірмы збору подпісаў, гэтых подпісаў не зьбяруць. І такім чынам адбудзецца адсеў кандыдатаў”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, у працэсе вылучэньня адзінага кандыдата існуе пакуль больш праблемаў, чым рашэньняў. Няма відавочнага лідэра. Няма аб’ектыўных крытэраў выбару найбольш пэрспэктыўнага кандыдата. Няма дакладнага мэханізму вызначэньня суб’ектаў прыняцьця прынцыповых рашэньняў. Але часу наперадзе яшчэ шмат, і працэс запушчаны”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG