Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Замежнае вяшчаньне на Беларусь – гісторыя і пэрспэктывы


Сяргей Шупа, Прага (Эфір 27 жніўня 2005) На нашых хвалях – перадача “Настрой на Свабоду”, прысьвечаная праблемам прыёму нашых праграмаў.

Усім нашым слухачам добры дзень. Ужо некалькі тыдняў у беларускай інфармацыйнай прасторы не сьціхае дыскусія вакол плянаў радыёстанцыі “Нямецкая Хваля” распачаць радыёвяшчаньне на Беларусь. Гэта бадай што першы прэцэдэнт, калі замежнае вяшчаньне на Беларусь плянуюць весьці на расейскай мове. Да гэтай тэмы мы яшчэ будзем вяртацца ў нашых перадачах “Настрой на Свабоду”, а сёньня пагаворым пра гісторыю замежнага вяшчаньня на Беларусь.

Пачаткі замежнага радыёвяшчаньня сягаюць канца 30-х гадоў ХХ стагодзьдзя. Напярэдадні Другой сусьветнай вайны ў Нямеччыне была створаная рэдакцыя прапагандысцкіх перадачаў супраць Савецкага Саюзу “Вінэта”, у якой быў і Беларускі Аддзел. Падчас акупацыі падкантрольнае немцам беларускае радыё працавала на тэрыторыі Беларусі.

Апрача таго ў гады вайны былі беларускія перадачы і на Віленскім радыё, аднак гэта было ўжо мясцовае, не замежнае радыё. Наагул тэма радыё ў Беларусі часоў вайны пакуль што мала дасьледаваная.

Рэгулярнае замежнае радыёвяшчаньне на Беларусь пачалося з разгортваньнем у сьвеце іншай вайны – Халоднай, ідэалягічнага супрацьстаяньня розных палітычных сыстэмаў. Найстарэйшая беларуская станцыя за мяжою – Радыё Ватыкан. Першая перадача з Ватыкану па-беларуску прагучала ў эфіры 16 студзеня 1950 году – напачатку 15-хвілінныя перадачы выходзілі раз на тыдзень. А сёньня ў эфіры гучаць дзьве штодзённыя перадачы па 20 хвілінаў.

РАДЫЁ ВАТЫКАН

Зьмест перадачаў Радыё Ватыкан пераважна рэлігійны, але ня толькі. У часы Халоднай вайны перадавалася таксама нямала матэрыялаў з гісторыі і культуры.

РАДЫЁ ВЫЗВАЛЕНЬНЕ

Другой радыёстанцыяй, якая стала высылаць перадачы для Беларусі, было Радыё Вызваленьне – гэтак ад свайго заснаваньня ў 1953-м і да 1959 году называлася Радыё Свабода. Першая беларуская праграма выйшла ў эфір 20 траўня 1954 году.

Летась мы адзначалі нашае 50-годзьдзе, гэтай падзеі быў прысьвечаны адмысловы цыкль перадачаў “На хвалі Свабоды” (архіў перадачы "50 гадоў Радыё Свабода без цэнзуры" і архіўныя перадачы, прысьвечаныя 50-годзьдзю), таму сёньня на гісторыі нашага радыё я ня буду спыняцца падрабязьней, а раскажу больш пра нашых калегаў зь іншых радыёстанцыяў.

РАДЫЁ МАДРЫД

Цікавай старонкай у гісторыі замежнага радыёвяшчаньня на Беларусь былі праграмы Гішпанскага Нацыянальнага Радыё. У 50-я гады гішпанскі дыктатар Франка даў доступ да мікрафона антыкамуністам з розных краінаў Усходняй Эўропы. Перадачы Радыё Мадрыд вызначаліся сваёй непадцэнзурнасьцю і бескампраміснасьцю ў ідэалягічнай барацьбе з усходнеэўрапейскімі камуністычнымі рэжымамі. Першая 15-хвілінная беларуская праграма прагучала 8 сьнежня 1958 году. На гішпанскім радыё працавалі Янка Сурвіла са сваёй жонкай Івонкай – цяперашняй старшынёй Рады Беларускай Народнай Рэспублікі – і Віктар Сянкевіч, які пазьней выступаў на Радыё Свабода пад псэўданімам Язэп Барэйка. Праграмы гішпанскага радыё, як і перадачы беларускай Свабоды, няшчадна глушыліся савецкімі спэцслужбамі. Апошняя праграма з Мадрыду выйшла ў эфір 31 траўня 1965 году.

Закрыцьцё станцыі было зьвязанае зь нейкім ужо сёньня забытым палітычным гандлем паміж савецкім рэжымам і дыктатурай Франка. Дарэчы, калі сярод нашых слухачоў ёсьць тыя, каму некалі ўдавалася слухаць беларускія перадачы з Мадрыду – ласкава просім адгукнуцца.

РАДЫЁ ПАЛЁНІЯ

Ад 15 сьнежня 1991 году гучаць у эфіры беларускія праграмы Радыё Палёнія – замежнага вяшчаньня Польскага Радыё. У першы год эфірны час складаў ўсяго 25 хвілінаў на дзень, а цяпер ён павялічаны да 2 з паловаў гадзінаў.

У першы пэрыяд дзейнасьці Беларуская Служба інфармавала слухачоў у Беларусі перадусім пра найважнейшыя падзеі з розных галінаў жыцьця польскае дзяржавы, пра польска-беларускія ўзаемадачыненьні ды пра сытуацыю нацыянальных меншасьцяў: беларускай у Польшчы й польскай у Беларусі.

Разам са зьменаю палітычнае сытуацыі ў Беларусі, з прыходам да ўлады прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі, калі Беларусь пачала адыходзіць ад сваіх нацыянальных каштоўнасьцяў, імкнучыся адначасова да інтэграцыі з Расеяй і ўводзячы пры гэтым інфармацыйную блякаду, Беларуская Служба ўзяла на сябе дадатковы абавязак – паведамленьня пра падзеі ў Беларусі ды пра трактоўку беларускіх уладаў міжнароднай грамадзкаю думкаю.

РАДЫЁ ШВЭЦЫЯ

Ад 7 лістапада 2004 году гучаць беларускія перадачы Радыё Швэцыя. Напачатку паўгадзінная праграма выходзіла ў эфір раз на два тыдні, а ад 5 сьнежня 2004-га – раз на тыдзень, па нядзелях.

РАДЫЁ РАЦЫЯ

Яшчэ адзін беларускі радыёпраект існаваў у 1999-2001 гадох. Гэта – Радыё Рацыя, якое мела, так сказаўшы, дзьве галавы – беластоцкая рэдакцыя рабіла праграмы для Беластоку і ваколіцаў, якія перадваліся ў дыяпазоне FM, а менская – для Беларусі і сьвету на кароткіх і сярэдніх хвалях.

Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году спонсары спынілі фінансаваньне станцыі. У новай сытуацыі напярэдадні новых прэзыдэнцкіх выбараў станцыі, магчыма, у нейкай форме ўдасца адрадзіцца – адпаведная праца вядзецца цяпер у Польшчы.

РАДЫЁ БАЛТЫЙСКІЯ ХВАЛІ

Урэшце, засталося згадаць яшчэ адну станцыю, якая пачала сваю працу ў студзені 2000 году ў Вільні – Радыё Балтыйскія Хвалі. Удзельнікі гэтага праекту вырашылі аб''яднаць намаганьні ўсіх замежных радыёстанцый, якія вяшчаюць на Беларусь, у адным супольным радыёканале на сярэдніх хвалях (частата 612 кілягэрцаў).

У часе найбольшага ўздыму – 2000-2001 гадох на Балтыйскіх Хвалях гучалі беларускамоўныя праграмы Радыё Палёнія, Радыё Свабода, Радыё Рацыя, Літоўскага Радыё і праграмы ўласна Радыё Балтыйскія Хвалі, падрыхтаваныя ў віленскай рэдакцыі. Сёньня з усіх згаданых станцыяў на гэтым канале засталіся толькі Радыё Свабода і Радыё Палёнія.

НАШ КОНКУРС

А зараз – увага. У рамках перадачы “Настрой на Свабоду” мы распачынаем новы конкурс для нашых слухачоў. Умовы яго такія: ад панядзелка 5 верасьня да нядзелі 11 верасьня ўключна ў нашых праграмах – у нейкі момант ад 6 да 8 раніцы і ад 18 гадзіны да поўначы – 5 разоў прагучыць адмысловая абвестка. Калі вы пачуеце гэткую абвестку – занатуйце дакладную дату і час, калі вы яе пачулі. Хто пачуе ўсе пяць абвестак – мае большыя шанцы перамагчы. Калі такіх уважлівых слухачоў будзе некалькі – лёс пераможцы вырашыць жэрабя. Прыз – усехвалевы радыёпрыймач Grundig зь лічбавай настройкай. А зараз паслухайце, як гучыць конкурсная абвестка:

• абвестка ў фармаце mp3 (233Кб)

Гэтак гучыць наша конкурсная абвестка, а сам конкурс будзе адбывацца ад 5 да 11 верасьня.

Мне засталося нагадаць нашыя каардынаты. Наш адрас у Менску – паштовая скрынка 111, Менск, 220005; адрас у Празе – Vinohradska 1, Praha 11000, Чэская Рэспубліка; ад 9 вечара да 9 раніцы ў Менску працуе наш тэлефон-аўтаадказьнік 290-39-52. Адрас электроннай пошты – Belarus@rferl.org. Чакаем вашых водгукаў і жадаем добрага прыёму.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG