Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Будучыня і пэрспэктывы інтэрнэт-радыё


Сяргей Шупа, Прага А зараз на нашых хвалях – перадача “Настрой на Свабоду”, прысьвечаная праблемам прыёму нашых праграмаў.

Усім нашым слухачам добры дзень. У нашай мінулай перадачы мы гаварылі пра інтэрнэт-праект “Радыё Беларусі”, і рэдактар праекту Максім Гайко выказаў спадзяваньне, што цяпер, асабліва ў сьвятле навязаных беларускім FM-станцыям абавязковых 75% “беларускай музыкі” ў іх праграмах, у Беларусі ўсё больш папулярнымі будуць рабіцца інтэрнэт-радыёстанцыі. Вось жа сёньня і пагаворым пра інтэрнэт-радыё або пра сецявое радыё (гэтым тэрмінам, праўда, яшчэ называюць і радыёстанцыі, якія працуюць у лякальных сетках, таму, каб ня блытацца, будзем ужываць тэрмін “інтэрнэт-радыё”).

Выйшла так, што спэцыялістаў інтэрнэт-радыё мне не давялося шукаць доўга – мой сёньняшні госьць – Юры Тарасаў, праскі беларус, які жыве ў Чэхіі ўжо 5 гадоў, і за гэты час набраў немалы досьвед удзелу ў розных праектах інтэрнэт-радыё, апошнім зь якіх было стварэньне свайго ўласнага, якое называлася ХІТрае Радыё, у ім Юры быў праграмным дырэктарам. На жаль, на гэты момант ХІТрае Радыё часова прыпыніла вяшчаньне, але Юры спадзяецца неўзабаве ажывіць гэты праект.

А пакуль мы пагаворым зь Юрыем пра агульныя праблемы інтэрнэт-радыё.

*********************

(Шупа: ) "Юры, інтэрнэт-радыё, якое ўзьнікла паралельна або ў дапаўненьне FM-радыё,і ўзьнікла яно на прынцыпова іншай плятформе – чаму яно ўсё ж называецца інтэрнэт-“радыё”? Што ў ім застаецца ад радыё?"

(Тарасаў: ) “Ад радыё там застаецца менавіта тое, што супрацоўнікі інтэрнэт-радыё імкнуцца зрабіць нешта падобнае да таго, што чалавек можа пачуць на звычайнай радыёхвалі, выклікаць голасам нейкія эмоцыі, карацей кажучы – стварыць у інтэрнэце звычайнае радыё”.

(Шупа: ) "У прынцыпе, інтэрнэт-радыё – гэта таксама радыё і ад яго можна і трэба спадзявацца і чакаць таго самага, чаго і ад радыё, напрыклад, у FM-дыяпазоне. Але відавочна паміж імі ёсьць нейкая розьніца – у чым, галоўныя моманты гэтай розьніцы?"

(Тарасаў: ) “Цяпер розьніца ў тым, што FM-радыё – прафэсійнае, а інтэрнэт-радыё больш аматарскае...”

(Шупа: ) "...і зьвязанае гэта з тым, што стварэньне інтэрнэт-радыё не абумоўленае ніякімі вялікімі фінансавымі ўкладаньнямі, таму гэта можа сабе дазволіць значна больш шырокае кола?"

(Тарасаў: ) “Розьніца ў тым, што каб пачуць FM-радыё, дастаткова мець любы прыймач з адпаведным дыяпазонам – у машынах, любая магнітола за 20 даляраў будзе лавіць FM-хвалю. А каб пачуць інтэрнэт радыё, трэба мець як найменей кампутар, а да таго ж быць падлучаным да інтэрнэту. Потым – тэрыторыя. FM-радыё абмежаванае магутнасьцю перадатчыка. Інтэрнэт абмежаваны толькі сеткай – а значыць, практычна зусім не абмежаваны. Наступная розьніца – колькасьць слухачоў. На інтэрнэце слухачоў пакуль што мала, але ў любы момант можна выявіць – колькі чалавек у гэты момант слухае вашае радыё, што можа быць вельмі цікава для рэклямадаўцаў”.

(Шупа: ) "А ў чым адрозьніваецца FM-радыё і інтэрнэт-радыё ў пляне рэклямы?"

(Тарасаў: ) “Адрозьненьне ў тым, што FM абмежаваны тэрытарыяльна, а таму мэтавая аўдыторыя таксама абмежаваная гэтай тэрыторыяй і магутнасьцю перадатчыка. А на інтэрнэце патэнцыйная аўдыторыя – усе карыстальнікі інтэрнэту. Тут ёсьць абмежаваньне толькі ў мове слухача”.

(Шупа: ) "Гэта значыць, што магчымыя рэклямадаўцы зважаюць на тое, што яны могуць вызначыць сваю мэтавую аўдыторыю геаграфічна і рэклямаваць тавары ў нейкай канкрэтнай краме або канцэрт у нейкім канкрэтным месцы. А інтэрнэт-радыё слухаюць людзі невядома дзе, і таму даваць туды рэкляму мае менш сэнсу – там складаней вызначыць “створ абстрэлу”?"

(Тарасаў: ) “На маю думку, ёсьць сэнс даваць рэкляму ў інтэрнэт-радыё, бо цяпер шмат фірмаў гандлююць толькі ў інтэрнэце, ёсьць шмат інтэрнэт-крамаў, шмат правайдэраў, якія хочуць данесьці да сваіх карыстальнікаў тое, што ў іх – лепшыя службы, лепшы сэрвіс. На маю думку, інтэрнэт-радыё будзе мець свайго рэклямадаўца”.

*********************

(Шупа: ) "Ці могуць быць нейкія адрозьненьні ў фармаце? Ці сама плятформа ўплывае на фармат?"

(Тарасаў: ) “Гэта залежыць ад таго – чаго хоча дасягнуць уладальнік інтэрнэт-радыё. Бо ў інтэрнэце можна рабіць усё – можна прытрымвацца нейкага фармату, можна ад яго адыйсьці, можна зрабіць радыё па заяўках – інтэрнэт дазваляе рабіць усё”.

(Шупа: ) "Я разумею, што для FM-радыё фармат – гэта часам неабходная ўмова пры стварэньні радыё..."

(Тарасаў: ) “На маю думку, фармат – гэта больш камэрцыйнае пытаньне. Бо каб зарабіць грошы з радыё, трэба вызначыць сваю мэтавую аўдыторыю. Пасьля радыё на падставе гэтай мэтавай аўдыторыі вызначае свой фармат і гэтым фарматам потым кіруецца. У інтэрнэце цяпер больш пытаньне самавыяўленьня ўладальніка гэтага радыё, бо інтэрнэт-радыё не патрабуе грошай, і любы можа ўзяць, падлучыцца да інтэрнэту і рабіць сваё радыё”.

(Шупа: ) "Ну але ўсё роўна ўладальнік інтэрнэт-радыё таксама зацікаўлены ў прыцягненьні нейкай аўдыторыі і калі ён ніяк сябе ня вызначыць, не пазначыць – што ён робіць, які мае фармат, якую грае музыку – дык проста яго ніхто ня знойдзе ў інтэрнэце..."

(Тарасаў: ) “Тут яшчэ адно пытаньне – што хоча зрабіць уладальнік гэтага інтэрнэт-радыё. Калі ён хоча толькі самавыявіцца, дык яму дастаткова, каб яго слухалі ягоныя сябры, ну можа суседзі, яшчэ нехта – дастаткова 5-6 чалавек, якія яму потым напішуць: “Вася, гэта было крута, ты – маладзец!” А калі ставіцца задача зрабіць нешта вялікае, што магло б канкураваць з FM-ам, дык тут ужо трэба задумацца над пытаньнем фармату”.

*********************

(Шупа: ) "Добра, мы ўяўляем сабе абмежаваньні FM-радыё – яно абмежаванае магутнасьцю перадатчыка, для звычайнай станцыі радыюс чутнасьці складае ад 5 да 50-70 кілямэтраў. У інтэрнэту такога фізычнага абмежаваньня няма – калі інтэрнэт-радыё працуе, яго можна слухаць хоць у Новай Зэляндыі. Але і тут ёсьць свае абмежаваньні, зьвязаныя зь нейкімі тэхнічнымі..."

(Тарасаў: ) “Абмежаваньні, зьвязаныя з тэхнічнымі момантамі – гэта падлучэньне да інтэрнэту і хуткасьць перадачы дадзеных”.

(Шупа: ) "У сувязі з гэтым – наколькі шырокая можа быць сёньня аўдыторыя інтэрнэт-радыё ў Беларусі?"

(Тарасаў: ) “На маю думку, разьвіцьцё інтэрнэту ў Беларусі ідзе паскоранымі крокамі – наперад, наперад і наперад. І неўзабаве інтэрнэт-радыё ў Беларусі набярэ сваю моц, свае абароты і будзе канкураваць з FM-ам”.

(Шупа: ) "У чым гэтая канкурэнцыя можа палягаць? Яны ў прынцыпе ўзаемна дапаўняюцца. Гэта ж ня так, што чалавек мае перад сабой кампутар і побач FM-прыймач і выбірае – што б яму паслухаць?"

(Тарасаў: ) “Цяпер FM-станцыі выходзяць у інтэрнэт. І ў гэтым сэнсе карыстальнік інтэрнэту можа выбіраць паміж дублёрам FM-станцыі ў інтэрнэце і самастойным інтэрнэт-радыё. У гэтым сэнсе ёсьць канкурэнцыя вялікая. Плюс да таго – цяпер, калі ёсьць падлучэньне да інтэрнэту ў офісах, дык няма патрэбы купляць ніякі FM-прыймач. Дастаткова знайсьці нейкую станцыю ў інтэрнэце, падлучыцца да яе – і слухаць.

Яшчэ адзін істотны момант – гэта тое, што інтэрнэт-радыё ня лічыцца сродкам масавай інфармацыі. Цяпер у FM-прасторы Беларусі сытуацыя такая, што Міністэрства інфармацыі загадала FM-станцыям пускаць у эфір 75 працэнтаў беларускай музыкі. Інтэрнэт-радыё не падпадае пад гэтыя абмежаваньні, юрыдычна гэта ня сродак масавай інфармацыі, і таму інтэрнэт-радыё не падпадае пад гэты загад Міністэрства інфармацыі – можаце круціць і 100 працэнтаў беларускай музыкі, і 100 працэнтаў расейскай, і 100 працэнтаў казахскай – усё залежыць ад вашага густу – што вы хочаце зрабіць”.

*********************

(Шупа: ) "Якія ў Вашым адчуваньні пэрспэктывы ў інтэрнэт-радыё?"

(Тарасаў: ) “У маім адчуваньні пэрспэктывы ў інтэрнэт-радыё такія, што калі інтэрнэт прыйдзе ў мабільныя тэлефоны, калі інтэрнэт прыйдзе ў нейкія танныя, а галоўна – малыя прылады, якія змогуць канкураваць з FM-прыймачом, то аўдыторыя інтэрнэт-радыё пашырыцца”.

(Шупа: ) "Вы як своеасаблівы вэтэран інтэрнэт-радыё, які пакуль што часова “адпачывае” ад свайго праекту зь незалежных ад вас прычынаў – якія ў Вас пляны, якія амбіцыі ў гэтым полі?"

(Тарасаў: ) “Я хачу зрабіць радыё, якое б магло канкураваць з FM''ам. Хачу пачуць пра сваё радыё, што гэта – радыё зь вялікай літары. Хачу пачуць, каб мае сябры казалі, калі я прыеду ў Менск – каб яны ў мяне пыталіся: “А ці чуў ты такое ХІТрае радыё?” Такія мае пляны і такая мая мара”.

(Шупа: ) "Жадаю посьпехаў!"

Нагадаю, госьцем перадачы “Настрой на Свабоду” сёньня быў Юры Тарасаў, праскі беларус, удзельнік розных інтэрнэтных радыёпраектаў.

********************

Як мы паведамлялі раней, у рамках перадачы “Настрой на Свабоду” цяпер штомесяц будзе праводзіцца конкурс для нашых слухачоў. Кожны месяц у вас будзе магчымасьць выйграць наш прыз – партатыўны радыёпрыймач зь лічбавай настройкай Grundig YachtBoy-P2000.

І зараз – увага! – умовы нашага кастрычніцкага конкурсу. У праграмах Беларускай Свабоды ўжо некалькі гадоў гучыць перадача “Сучасныя мэмуары”. Калі ласка, назавеце – хто за гэтыя гады ўжо выступаў на нашых хвалях са сваімі ўспамінамі? Больш шанцаў выйграць прыз будзе мець той, хто ня толькі назаве аўтараў мэмуараў, але і прыпомніць – як называлася сэрыя ўспамінаў таго або іншага аўтара. Вось, напрыклад, цяпер свае ўспаміны завяршае чытаць пісьменьнік Уладзімер Арлоў, ягоная сэрыя мае загаловак “Полацкі вецер”. Вынікі конкурсу мы падвядзем у суботу 29 кастрычніка – на падставе тых адказаў, якія мы да таго часу атрымаем. Так што, калі надумаецеся ўдзельнічаць – не адкладайце. І яшчэ адна ўмова – удзел у конкурсе могуць браць толькі жыхары Беларусі. Жадаем Вам посьпехаў!
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG