Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэй Паротнікаў: У Беларусі карупцыя выступае мэтадам дзяржаўнага кіраваньня


Андрэй Паротнікаў
Андрэй Паротнікаў

Міжнародная арганізацыя Transparency International апублікавала штогадовы індэкс успрыманьня карупцыі (Corruption Perception Index). Беларусь заняла ў ім 107-е месца (летась — 119-е), разам з Аргентынай, Кот д’Івуарам, Эквадорам і Тога. Сёлета ў гэты сьпіс былі ўключаныя 168 краінаў сьвету.

У Індэксе ўспрыманьня карупцыі краінам сьвету даюцца адзнакі ад 0 (максымальна карумпаваная) да 100 (вольная ад карупцыі). Ідэальнай адзнакі не атрымала ніводная краіна, а дзьве траціны краінаў не набралі і 50 балаў.

Найменш карумпаванай краінай сьвету застаецца Данія (91 бал), далей Фінляндыя (90), Швэцыя (89) і Новая Зэляндыя (88).

Беларусь атрымала 32 балы і, адпаведна, 107-е месца.

Кіраўнік аналітычнага праекту Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў такім чынам пракамэнтаваў вынікі рэйтынгу:

— Тут ёсьць два складнікі. Складнік прыроды карупцыі і складнік рэйтынгу.

Наагул, усе рэйтынгі «кульгаюць» з той простай прычыны, што не зусім зразумела, наколькі ў кожнай канкрэтнай краіне выконваецца мэтодыка збору дадзеных. Зразумела, што для складаньня рэйтынгу існуюць пэўныя правілы. Дык вось наколькі рэалістычна іх выканаць, да прыкладу, у Тога ці Кот д’Івуары? Гэта ўсё, на мой погляд, застаецца на сумленьні складальнікаў рэйтынгу.

Тое, што ў адной краіне адносіцца да карупцыі, у іншай краіне можа адносіцца да прадстаўнічых выдаткаў

Шчыра кажучы, я стаўлюся да ўсіх рэйтынгаў дастаткова крытычна, таму што не існуе адзінага вызначэньня карупцыі. Тое, што ў адной краіне адносіцца да карупцыі, у іншай краіне можа адносіцца да прадстаўнічых выдаткаў. Таму ўсе рэйтынгі вельмі і вельмі ўмоўныя. Іншая справа, што на іх арыентуюцца папросту таму, што больш арыентавацца асабліва няма на што.

Другі момант — гэта прырода карупцыі, якая характарызуецца высокай лятэнтнасьцю. То бок высокі ўзровень утойваньня злачынстваў. Часьцяком самі карупцыянэры не ўспрымаюць свае ўчынкі як процізаконныя, а як нейкую мясцовую традыцыю. Да прыкладу, калі спытацца ў жыхара Эгіпту, як часта яму даводзіцца даваць хабар, ён можа лічыць, што ніколі не даваў хабар. А тое, што ён рэгулярна «адшпільвае» нейкаму мясцоваму чыноўніку або паліцыянту, гэта ён лічыць проста «падарункам» і «знакам павагі». Так што тут такі момант вельмі сьлізкі. Таму я вельмі сумняюся ў карыснасьці гэтых рэйтынгаў.

— А на ваш погляд, Беларусь — карумпаваная краіна? Калі так, то наколькі?

— Канечне, карумпаваная. І тут трэба разглядаць у сукупнасьці дзьве рэчы. Гэта ня толькі карупцыя, якая заключаецца ў перадачы нейкіх матэрыяльных каштоўнасьцяў за пэўныя дзеяньні, якія службовая асоба павінна зьдзейсьніць у сілу сваіх паўнамоцтваў. Гэта яшчэ і злоўжываньне ўладай, якое, у прынцыпе, паводле Крымінальнага кодэксу можа карупцыяй і не лічыцца. Напрыклад, прымаюць на працу сваякоў высокапастаўленых чыноўнікаў і, адпаведна, маюць пэўныя прэфэрэнцыі, пазьбягаюць пэўных непрыемных момантаў — праверкі праходзяць больш ляяльна, на штосьці закрываюць вочы. Таму ў гэтым пляне ў нас вельмі вялікая праблема, асабліва ў рэгіёнах, дзе вельмі разьвітыя сваяцкія сувязі, блат, кумаўство. Калі, да прыкладу, у старшыні калгаса п’яныя трактарысты езьдзяць на трактары, а начальнік ДАІ — пляменьнік старшыні, дык як ён будзе пазбаўляць правоў трактарыстаў і штрафаваць сваяка — калгаснае начальства? Так што карупцыя — комплекснае паняцьце. У нас таксама ёсьць свае культурныя традыцыі, калі пэўныя дзеяньні, па сутнасьці, злачынныя, але асобы, якія да іх датычныя, не асэнсоўваюць іх як злачынныя.

— Ледзьве ня кожны дзень зьяўляюцца зьвесткі, што за хабар ці перавышэньне службовых паўнамоцтваў затрыманы нейкі чыноўнік. Вось і ў аўторак Сьледчы камітэт паведаміў, што затрымалі намесьніка начальніка ДАІ Віцебскай вобласьці за атрыманьне хабару. Гэта барацьба з карупцыяй у дзеяньні, на вашу думку?

Сапраўдная барацьба з карупцыяй пачнецца, калі ў нас будуць арыштоўваць міністраў

— Тое, што ледзьве ня кожны дзень зьяўляюцца такія паведамленьні, сьведчыць пра тое, што праблема мае такі размах і настолькі распаўсюджаная, што далей закрываць на яе вочы ўжо не выпадае. Але сапраўдная барацьба з карупцыяй пачнецца, калі ў нас будуць арыштоўваць міністраў. Тады гэта будзе сапраўдная барацьба. А пакуль гэта толькі запалохваньне нізоў.

— Пэрыядычна інтэрнэт страсаюць зьвесткі пра дарагія катэджы, якія будуюць высокапастаўленыя чыноўнікі. Нядаўна ў сеціве абмяркоўвалі кошт катэджаў былой кіраўніцы Нацбанку Надзеі Ермаковай (у яе, аказваецца, іх два, адзін яна спрабавала здаць у арэнду за 7,5 тысячы даляраў у месяц). Сын былога міністра юстыцыі Віктара Галаванава прадаваў дом у Драздах за 1,4 мільёна даляраў. Як падлічылі «зайздросьнікі», каб пабудаваць дом, які ўзводзіць міністар працы і сацыяльнай абароны Марыяна Шчоткіна, простаму беларусу спатрэбілася б 184 гады. Вось гэта карупцыя ці не?

— Ведаеце, у фэадальныя часы была такая сыстэма «кармленьня». Дык вось гэта перажытак сыстэмы кармленьня. Па-першае, яны па-за агульнымі правіламі атрымліваюць гэтыя дарагія кавалкі зямлі (у іншай сытуацыі ў іх не хапіла б грошай, каб купіць тую зямлю). Там усё ж такі асноўны кошт складае дарагоўля зямлі. Гэта, хутчэй за ўсё, праблема з культурай дзяржаўнага кіраваньня. Гэты «прыкорм» высокапастаўленых чыноўнікаў падсілкоўвае карупцыйную культуру. «Я маю статус, я маю ўладу і магу болей пакласьці ва ўласную кішэню». Фактычна гэта прыкормліваньне высокага чынавенства, і зразумела, чаму Лукашэнка гэта робіць. Гэта адна з праяваў створанай сыстэмы забесьпячэньня ляяльнасьці. «Вось катэджык пабудаваў у элітным пасёлку, кватэру атрымаў, дзяцей і жонку добра ўладкаваў». А дзякуючы каму? Зразумела каму. Таму трэба старацца прыслужваць.

— Але ў Беларусі ўсё ж такі ёсьць канкрэтныя крокі па барацьбе з карупцыяй, ці гэта ўсё словы і гучныя заявы?

Як сказаў адзін чалавек, які па абавязку службы займаецца гэтай праблемай, «калі б быў загад — за паўгода ўсе пытаньні былі б вырашаныя»

— Тут ёсьць барацьба фактычна двух пачаткаў. Пачатак першы — што карупцыя выступае мэтадам дзяржаўнага кіраваньня. Што я маю на ўвазе? Напрыклад, чалавека ловяць за руку на чымсьці, на нейкім непрыгожым учынку. Яго можна пасадзіць, але не саджаюць. Маўляў, «мы ўсё ведаем, таму ты павінен прыслужваць верна, а калі не — усё выплыве вонкі». Можна яшчэ ціха набіраць валізкі кампрамату на чалавека, а ў нейкі момант вываліць. Гэта такі мэтад дзяржаўнага кіраваньня.

Але карупцыя — гэта зараза, якая вельмі хутка распаўсюджваецца. Калі я, умоўна кажучы, начальнік галоўнага ўпраўленьня ці дэпартамэнту, бачу, што міністар ці намесьнік міністра вырашае дзяржаўным коштам, выкарыстоўваючы службовае становішча, уласныя пытаньні, чаму я не магу вырашыць свае пытаньні такім жа чынам? Гэта ідзе зьверху ўніз, як у той прымаўцы, што «рыба гніе з галавы». І гэтая «гнілая галава» заражае ўвесь арганізм. А вось чысьціць рыбу заўсёды пачынаюць з хваста. Таму ўсе гэтыя пасадкі — гэта пасадкі дробнай і сярэдняй рукі чыноўнікаў. Гэта ня той маштаб, які павінен быць, калі б была прынцыповая пазыцыя кіраўніка дзяржавы. Тое, што цяпер адбываецца, гэта, хутчэй, спроба захаваньня кантролю: маўляў, «хлопцы, вы там паціху крадзьце, але і меру ведайце».

Нейкае дробнае змаганьне быццам бы і вядзецца. Але зь якой мэтай? Калі казаць, ці змагаюцца менавіта каб зьнішчыць ці прыціснуць як мага больш жорстка — то, канечне, не. У нас змагаюцца, каб узяць пад кантроль, каб захаваць карумпаванасьць як мэтодыку захаваньня ляяльнасьці вышэйшага і сярэдняга дзяржаўнага чынавенства. Як сказаў адзін чалавек, які па абавязку службы займаецца гэтай праблемай, «калі б быў загад — за паўгода ўсе пытаньні былі б вырашаныя».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG