Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Cпартова-моўны фэстываль «Мова Cup»: па-беларуску і ў вышыванках (ФОТА, ВІДЭА)


У Рэспубліканскім цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі ў Менску завяршыўся першы нацыянальны спартовы фэстываль «Mova Cup», ініцыяваны слыннай плыўчыхай, алімпійскай прызэркай, чэмпіёнкай сьвету і Эўропы Аляксандрай Герасіменяй і яе мэнэджэрам Сяргеем Шчурко.

Дарэчы, абодва па выніках турніру ўздымаліся на вышэйшыя прыступкі п’едэсталу: Аляксандра — у намінацыі карпаратыўнага пераможцы ў складзе калектыву «Беларусбанку», зь якім у яе спонсарскія адносіны, Сяргей — як пераможца фіткроссу, комплексу сілавых спаборніцтваў, якія завяршае 3-кілямэтровы крос.

Некалькі дзясяткаў атлетаў і зборных камандаў змагаліся за ўзнагароды турніру, які ці не ўпершыню ў гісторыі беларускага спорту меў такі яскрава акрэсьлены нацыянальны падтэкст.

Беларускамоўныя вядоўцы запрашалі ўдзельнікаў на старты, разбаўляючы пратакольныя зьвесткі дасьціпнымі жартамі, у шэрагах заўзятараў было шмат людзей, апранутых у кашулі з элемэнтамі традыцыйнага аргамэнту. Ахвотныя маглі набыць майкі-вышыванкі, выручаныя грошы зь якіх накіроўваліся на дапамогу дзецям-інвалідам, якія разам з бацькамі былі запрошаныя на імпрэзу.

Магчымасьць папрактыкавацца ў беларускай мове атрымалі ня толькі шараговыя наведнікі алімпійскага цэнтру, але і прызнаныя майстры сваёй справы. Зь вітальным словам да прысутных зьвярнуўся срэбны прызэр Алімпійскіх гульняў у Пэкіне дзесяціборац Андрэй Краўчанка, ужо звыкла падтрымала моўную плянку Аляксандра Герасіменя, якая па-беларуску правяла майстар-клясу з маленькімі плыўцамі. Гэтаксама ляўрэатаў фэсту віншавалі неаднаразовы пераможца ўсясьветных і кантынэнтальных першынстваў, штурхальнік ядра Андрэй Міхневіч, прызэр чэмпіянату Эўропы ў скачках у даўжыню Аляксандар Главацкі ды іншыя.

Свой прыз за прасоўваньне роднай мовы ў спартовыя масы заснавала і Беларуская служба Радыё Свабода. У прыватнасьці, электроннай кніжкай Kindle і плэерам iPod уганараваныя галоўныя судзьдзі спаборніцтваў у сілавым шматбор’і — інваліды-вазочнікі, паралімпійскі чэмпіён Аляксандар Трыбуць і чэмпіёнка сьвету ў танцах на вазочках Дар’я Кульш.

Арганізатары кажуць, што задаволеныя першым досьведам спартова-моўнага спалучэньня і разьлічваюць на доўгае і пасьпяховае існаваньне свайго дзецішча.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG