Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вайсковыя могілкі: старыя крыжы і надмагільлі зьнясуць, зробяць газон і «чысьценька, роўненька»


Ужо праз год — у жніўні 2017-га кіраўніцтва Спэцкамбінату плянуе ўпарадкаваць тэрыторыю адных з найстарэйшых могілак у Менску — Вайсковых. Старыя крыжы і надмагільлі зьнясуць, непафарбаваныя агароджы сьпілуюць, выражуць «непатрэбныя» дрэвы. За ўзор упарадкаваньня Вайсковых могілак узятае абсталяваньне могілак у Крупцах, дзе замест надмагільляў XIX стагодзьдзя — газон і аднолькавыя пліты.

Месца, дзе пахаваныя Якуб Колас і Янка Купала, гісторык Усевалад Ігнатоўскі і аўтар дзяржаўнага гімна Міхась Клімковіч, Кузьма Чорны і амэрыканская місіянэрка Рут Ўолер, іншыя слаўныя людзі беларускай зямлі, вельмі хутка можа зьмяніцца да непазнавальнасьці.

«Канечне, хочуць зрабіць нешта падобнае, як воінскія захаваньні. Напэўна, яно так і будзе. Там, дзе вайсковая частка, надгалоўнікі ляжаць, стандарт. І зялёная зона. Усе прыгожыя, роўненькія, касцы пакасілі, выграблі, падмялі, яно прыгожа і чыста. Вось на Крупцах ужо „пад стандарт“ зроблена», — распавядае загадчыца Вайсковых могілак Ганна Грыб.

Магілы на Вайсковых могілках літаральна абвешаныя папярэджаньнямі сваякам: «Просім прывесьці ў належны стан пахаваньне, інакш прымем меры ў адпаведнасьці з заканадаўствам». Адміністрацыя распаўсюдзіла іх яшчэ год таму, калі ў жніўні-верасьні 2015 году праводзілася інвэнтарызацыя могілак. З больш як сямі тысяч пахаваньняў 2030 прызналі пашкоджанымі. Частка пахаваньняў з такімі папярэджаньнямі выглядае салідна.

«У 2015 годзе выйшаў новы закон „Аб пахаваньні і пахавальнай справе“ ад 8 студзеня 2015 году, уступіў у дзеяньне праз паўгода, — распавядае намесьнік дырэктара УП Спэцкамбінату КБА Сяргей Тур. Паводле яго, інвэнтарызацыя могілак была пачатая ў жніўні 2015 году. — Працавала камісія на працягу 2 месяцаў... Там, дзе разбураныя помнікі, мы на кожнае пахаваньне зрабілі фатаздымкі, фотаальбомы з апісаньнем кожнага пахаваньня — што менавіта там разбурана, агароджа, крыж, сам помнік. У жніўні 2017 году мы ўжо маем права (у адпаведнасьці з новым законам. — РС) самастойна праводзіць упарадкаваньне. Ніводнае пахаваньне ня будзе пераносіцца і зносіцца. Усё будзе толькі парадкавацца».

Паводле Сяргея Тура, помнікі ў добрым стане зносіць ня будуць. Але зьнясуць разбураныя агароджы, разваленыя крыжы, надмагільлі бяз надпісаў і недагледжаныя пахаваньні.

«Крыжы, можа, калісьці і былі актуальныя ў 20-я гады мінулага стагодзьдзя, але цяпер яны ўсе іржавыя. Тым больш калі б хто за імі глядзеў... І выгляд у могілак будзе іншы. Старых крыжоў ня будзе. Да агароджы падыходзіш — толькі да яе дакранесься, яна валіцца. Будзе зробленая высечка дрэваў».

На месцы «ўпарадкаваных» пахаваньняў усталююць ідэнтыфікацыйныя знакі.

«Яны на зацьверджаньні ў выканкаме. Мы прапанавалі 4 варыянты — ці гэта крыж, ці надмагільная пліта, ці падгалоўнік, ці тумба, і так далей. Пакуль рашэньне застаецца за Менгарвыканкамам. Мы прапаноўваем варыянт, як гэта было зроблена на могілках у Крупцах тры гады таму», — кажа Сяргей Тур.

Калі зробяць чыстку, будзе яшчэ адно дзікунства ў дачыненьні да нашай культурнай спадчыны

«Гэта летапіс нашага горада — і ХІХ—ХХ стагодзьдзяў, — сьцьвярджае гісторык-архівіст Уладзімер Дзянісаў. — Усе гэтыя пахаваньні маюць для будучых гісторыкаў велізарнае значэньне».

«Тэрыторыя могілак атрымала статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці. Яна ператварылася ў гістарычны помнік, які ахоўваецца дзяржавай! — горача тлумачыць Дзянісаў. — Таму аніякія зьмены на тэрыторыі гэтых могілак рабіць нельга. Нельга нішчыць тыя ці іншыя пахаваньні, ці там пахаваная гістарычная асоба, ці гэта просты чалавек, — яны частка такой каштоўнасьці».

Уладзімер Дзянісаў распавядае, што Вайсковыя могілкі ўзьніклі ў XIX стагодзьдзі і належалі менскаму вайсковаму шпіталю. Там хавалі вайскоўцаў, якім паміралі ад хвароб і ран. Проста гарадзкімі могілкамі яны сталі пасьля 1920 году. І заставаліся імі аж да зьяўленьня Маскоўскіх, або Ўсходніх, могілак пасьля Другой сусьветнай вайны. Рэгулярныя пахаваньні на іх спыніліся, хоць падзахаваньні ў старыя магілы робяцца яшчэ і цяпер.

Статус ахоўнай тэрыторыі Вайсковыя могілкі атрымалі яшчэ за савецкім часам. А першая спроба іх «панішчыць» была яшчэ ў 80-х гадах ХХ стагодзьдзя, — кажа Ўладзімер Дзянісаў.

«Узьнікла „геніяльная“ прапанова нашых уладаў стварыць там вайсковы мэмарыял. Была дзікунская ідэя правесьці эксгумацыю ўсіх вайсковых пахаваньняў, стварыць брацкую магілу, пабудаваць „прыгожыя“ помнічкі. Там жа людзі пэрсанальна пахаваныя, а хацелі зваліць у кучу, а потым ужо „генэралу даць тры нагі і дзьве галавы, а радавому па адным пальцы і адной костцы“. Але пакінуць як індывідуальныя пахаваньні, — распавядае Дзянісаў. — На шчасьце, гэтага не зрабілі, хоць спэцкамбінат ужо прывалок тэхніку, экскаватары стаялі, павінны былі ўжо рыцца. Быў вялікі скандал. Падключылася такая савецкая газэта „Красная звезда“, орган Міністэрства абароны СССР. Я сам шукаў рэгіянальнага карэспандэнта, каб пра гэта напісалі. Гаркам партыі быў разьюшаны. Але, дзякуй богу, прыпыніліся».

Дзянісаў згадвае, што падобная сытуацыя была і з другімі найстарэйшымі могілкамі ў Менску — Кальварыйскімі. Але іх удалося адстаяць, у тым ліку пры спрыяньні Таварыства аховы помнікаў, якое ён узначальваў некалькі гадоў. Цяпер у Кальварыі статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці першай катэгорыі.

«На Кальварыйскіх могілках інвэнтарызацыя была зробленая не таму, што захацела наша Міністэрства культуры ці гарвыканкам. У свой час у Варшаве быў цэнтар вывучэньня гісторыка-культурных ляндшафтаў. Яны выдзелілі грошы, і нашы спэцыялісты правялі падрабязную інвэнтарызацыю. Яны выдалі два тамы дакумэнтацыі па Кальварыйскіх могілках. На жаль, пра Вайсковыя могілкі ніхто не парупіўся», — кажа Дзянісаў.

«А камбінату абы было „ціха і чыста“, — працягвае гісторык. — Пакасіць газон, зьнесьці крыжы. Калі яны будуць карыстацца прынцыпам — узяць і ўсё прыбраць, мы атрымаем такую ж гісторыю. Людзі зьнікаюць, зьнікаюць сваякі, няма каму даглядаць».

Царква Аляксандра Неўскага хоча зрабіць на могілках заезд для аўтамабіляў

Папярэджаньне ад Спэцкамбінату вісіць на агароджы помніка сьпеваку і народнаму артысту Арсенію Арсэнку. Саліст беларускага опэрнага тэатру, ён трагічна загінуў у жніўні 1945 году. Ягоны помнік на выгляд у цалкам добрым стане. Агароджа вакол яго напэўна патрабуе рамонту. Жонка сьпевака, таксама сьпявачка Валянціна, памерла яшчэ ў 1981-м. Ці ёсьць у гэтай сямʼі іншыя сваякі, невядома. Што будзе з такім помнікам?

Магіла Арсенія Арсэнка, таксама папярэджаньне аб дэмантажу.
Магіла Арсенія Арсэнка, таксама папярэджаньне аб дэмантажу.

«Будзе вырашацца па кожным пахаваньні, — абяцае прадстаўнік Спэцкамбінату Сяргей Тур. Але прыклад упарадкаваньня ў Крупцах, які ён сам жа і прыводзіць, пераканаўча не выглядае:

«Там было 800 пахаваньняў. Мы пісалі абвесткі, людзі прыходзілі і скардзіліся: „Навошта вы сьпілавалі, у нас была такая харошая агароджа“. На сёньняшні момант там засталося 2–3 агароджы, калі сваякі „ўперліся рогам“ і не захацелі сьпілоўваць. Пасьля таго як могілкі набылі цяперашні выгляд, людзі нам пісалі падзяку, што мы прывялі ў парадак могілкі. Тыя помнікі, якія стаялі раней, стаяць. Але калі закінутае пахаваньне, няма імя, прозьвішча, калі адны крыжы ці ўвогуле без крыжоў — адзін помнік, мы паставілі надмагільную пліту, выбілі імя, прозьвішча, дату сьмерці, пахаваньня — людзі нам сказалі „дзякуй“ за тое, што мы менавіта так упарадкавалі».

Могілкі Крупцы
Могілкі Крупцы

Начальнік упраўленьня па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Ігар Чарняўскі паведаміў Свабодзе, што прапановаў на знос часткі магілаў у Міністэрства не паступала.

«Калі будуць паступаць, будзем разьбірацца, якія і для чаго. Могілкі зьяўляюцца гісторыка-культурнай каштоўнасьцю. Ёсьць рэглямэнты, па якіх можна праводзіць работы. Распрацоўваецца праектная дакумэнтацыя. Калі яна прымаецца, тады можна нешта рабіць, — кажа Чарняўскі. — Каштоўнасьцю зьяўляецца ўся тэрыторыя могілак. І асобныя пахаваньні таксама. А, напрыклад, магілы Янкі Купалы, Якуба Коласа, царква Аляксандра Неўскага як будынак — яны маюць свой асобны статус».

Само Міністэрства культуры з прапановамі ці рэкамэндацыямі да Спэцкамбінату пра тое, як апекавацца тэрыторыяй гісторыка-культурнай каштоўнасьці, таксама не зьвярталася. Маўляў — няма паўнамоцтваў.

А вось у прыхода царквы імя Аляксандра Неўскага, якая стаіць на тэрыторыі могілак і сама мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці, гатовы ўласны праект упарадкаваньня тэрыторыі. Айцец Дзьмітры дэталі паведамляць адмовіўся і толькі перадаў словы настаяцеля прыхода айца Мікалая Коржыча, што сутнасьць праекту — прыцягнуць увагу горада да стану могілак.

У камэнтары тэлеканалу АНТ Мікалай Коржыч кажа, што толькі частка могілак, дзе знаходзяцца вайсковыя пахаваньні, мае «надлежащий» выгляд. Гэтак жа, паводле праваслаўнага сьвятара, можа выглядаць і астатняя тэрыторыя могілак. Праект, прапанаваны прыходам, паводле сьвятара, ужо знаходзіцца ў Міністэрстве культуры.

«Яны хочуць зрабіць заезд з вуліцы Чырваназорнай, каб нават машыны да іх заяжджалі туды на тэрыторыю, — тлумачыць сутнасьць праекту прыхода прадстаўнік Спэцкамбінату Сяргей Тур. — Але як туды зайсьці? Нібыта ў іх і прыгожа намалявана, але каля самой царквы ёсьць пахаваньні. Яны прапануюць такі варыянт, каб прыбраць агароджы, помнікі і проста пакласьці надмагільную пліту».

Загадчыца могілак Ганна Грыб пацьвярджае, што праект, прапанаваны прыходам, ёй прынесьлі «2–3 дні таму».

Ня крык трэба ўздымаць, а зьвяртацца з патрабаваньнем у Міністэрства культуры і выканкам!

Старшыня таварыства Антон Астаповіч, таксама як Уладзімер Дзянісаў, спасылаецца на пасьпяховы прыклад Кальварыйскіх могілак. Тады, кажа ён, удала працавалі з гарадзкімі ўладамі.

«Трэба напісаць ліст у Міністэрства культуры і выканкам, апісаць праблему і каб яны далі тлумачэньне: чаму на магілах, у тым ліку гістарычных, вывешваюцца гэтыя шыльды. І напісаць таксама ў Спэцкамбінат, што шыльды вешаюцца незаконна, бо могілкі маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці, — тлумачыць Астаповіч. — Любая юрыдычная ці фізычная асоба можа зьвярнуцца з такім запытам. Таварыства аховы помнікаў трымаецца на валянтэрскай аснове. Калі хтосьці хоча займацца праблемай, мы заўжды адкрытыя да кансультацыяў».

Уладзімер Дзянісаў кажа, што ў беларускім заканадаўстве няма асобнага дакумэнту, які б рэгуляваў ахову гістарычных могілак. Таму Спэцкамбінат кіруецца законам «Аб пахаваньні». У адказ на пытаньне, чаму горад раней не парупіўся пра захаваньне гісторыка-культурнай каштоўнасьці і ня ўзяў на сябе клопат пра занядбаныя гістарычныя пахаваньні, Сяргей Тур адказвае так:

«У законе да 2015 году было напісана, што надмагільныя збудаваньні — гэта ўласнасьць сваякоў ці юрыдычных асобаў, якія ўсталявалі гэтыя збудаваньні. Ані адміністрацыя, ані спэцкамбінат ня мелі права кранаць гэтыя пахаваньні», — кажа ён.

У грамадзкасьці ёсьць яшчэ час, каб вызначыцца, якімі яна хоча бачыць Вайсковыя могілкі.

«Ніхто таксама не забараняе зрабіць прыборку на могілках», — раіць Антон Астаповіч.

«Адносіны да могілак і пахаваньняў увогуле найперш гавораць пра культуру народа ці нацыі. На жаль, у нас гэтая справа ў пачатковым стане», — заключае Ўладзімер Дзянісаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG