Апошні дзень Рэспублікі
Апошні дзень Рэспублікі
Стэнаграма паседжаньня ў Вярхоўным Савеце,
пасьля якога Лукашэнка атрымаў неабмежаваную ўладу

24 лістапада 1996 году Аляксандар Лукашэнка атрымаў неабмежаваную ўладу. Рэфэрэндум, не прызнаны міжнароднай супольнасьцю, надзяліў яго ня толькі выканаўчай уладай, якую ён меў паводле Канстытуцыі 1994 году, але і заканадаўчай. Свабода аднавіла апошні дзень працы парлямэнту на падставе стэнаграмы з пасяджэньня Вярхоўнага Савету 22 лістапада. Дакумэнт публікуецца ўпершыню.
«Не давядзіце сытуацыю да Чачні!»
«Рукі прэч ад прэзыдэнта!»
Падчас кожнага паседжаньня Вярхоўнага Савету вялася стэнаграма. Адзін асобнік з 22 лістапада захаваў у сябе Мечыслаў Грыб – дэпутат Вярхоўнага Савету XII і XIII скліканьняў, старшыня Вярхоўнага Савету XII скліканьня з 28 студзеня 1994 году да 12 студзеня 1996 года.
Мечыслаў Грыб захаваў гістарычную стэнаграму
Раніца 22 лістапада пачалася вельмі звычайна. Васіль Новікаў, які старшынстваваў, запрасіў усіх да рэгістрацыі, а пасьля павіншаваў трох дэпутатаў, чые дні народзінаў прыпалі на дзень паседжаньня.
Пасьля таго, як зачыталі пайменны сьпіс 93 дэпутатаў, якія адсутнічалі на ўчорашнім паседжаньні, пачаліся выступы. Кожнаму дэпутату адводзіўся 3-хвілінны ліміт на прамову.
У краіне ўжо тыдзень як праводзілася галасаваньне ў рамках рэфэрэндуму, які пашыраў паўнамоцтвы прэзыдэнта. Дэпутаты перадавалі пра шматлікія парушэньні: людзей масава прыводзілі на ўчасткі, дзе яны датэрмінова галасавалі.
Публікацыя БДГ пра рэфэрэндум у лістападзе 1996 года
Стэнаграма. Дэпутат фракцыі сацыял-дэмакратаў Варановіч М.М.:
«Мне сёньня раніцай стала вядома, што ў Савецкім раёне гораду Гомелю ў школах адмянілі заняткі ў сувязі з рэфэрэндумам. Таму я зьвяртаюся ў сакратарыят сэсіі, каб аформіць дэпутацкі запыт да міністра адукацыі, на якой падставе адмянілі заняткі; да пракурора вобласьці: праверыць законнасьць адмены гэтых заняткаў».
На плошчы Незалежнасьці перад будынкам Дома ўраду праходзіў шматдзённы мітынг – людзі пратэставалі супраць рэфэрэндуму і асабіста Аляксандра Лукашэнкі. Ад іх імя дэпутаты Клімаў і Знавец зачытвалі паведамленьні да дэпутатаў.
Стэнаграма. Дэпутат фракцыі сацыял-дэмакратаў Знавец П.К.:
«Просьба ад пэнсіянэраў, якія знаходзяцца на плошчы Незалежнасьці ўжо шостыя суткі па 12 гадзінаў, — галодныя, на холадзе і гэтак далей. «Просім вас вельмі: не здавайце Беларусь! Спадзяёмся на ваш розум і стойкасьць. Ніякіх кампрамісаў з Лукашэнкам. Толькі абвесьціць імпічмэнт. Бог даў нам апошні шанец, іншага ня будзе. Не давесьці б сытуацыю да Чачні».
Пратэставалі ня толькі пэнсіянэры ў Менску. У знак пратэсту супраць рэфэрэндуму на заняткі не выходзілі нават школьнікі.
Стэнаграма. Дэпутат фракцыі сацыял-дэмакратаў Сьвірыд І.У.:
«Вы ўсе ведаеце, што я дырэктар школы, і за ўсю маю дырэктарскую практыку ніколі вучні не заяўлялі такога пратэсту, каб не зьявіцца на заняткі. Мне сёньня сорамна за дактароў навук, прафэсараў, якія, атрымліваючы заработную плату, байкатавалі сэсію Вярхоўнага Савету і… развалілі маю вялікую Радзіму – Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. Рукі прэч ад прэзыдэнта!»
Усе гэтыя дзеяньні Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта — незаконныя
Галоўнае пытаньне, якое стаяла на парадку дня ў Авальнай залі – рэфэрэндум. Ён вельмі актыўна праходзіў, пры тым што да асноўнага дня галасаваньня яшчэ было два дні. Напрыклад, у Бешанковіцкім раёне на раніцу пятніцы ўжо прагаласавалі 90% выбаршчыкаў.
Рэфэрэндум праходзіў абсалютна некантралявана. Ужо тыдзень таму з пасады старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі гвалтоўна зьнялі дэпутата Віктара Ганчара. Яго літаральна вынесьлі з уласнага кабінэту на асабісты загад Аляксандра Лукашэнкі.
Віктар Ганчар, старшыня ЦВК і дэпутат Вярхоўнага Савету, увесь час нагадваў пра парушэньні, якія суправаджалі рэфэрэндум. Публікацыя газэты “Свабода”
У сваім першым выступе Віктар Ганчар папярэдзіў дэпутатаў, каб тыя выконвалі свае канстытуцыйныя правы і не блякавалі працы Вярхоўнага Савету. Але яго перабілі крыкамі іншыя дэпутаты. Старшыня Вярхоўнага Савету Сямён Шарэцкі мусіў супакойваць усіх.
Стэнаграма. Старшыня Вярхоўнага Савету Шарэцкі С.Г.:
«Шаноўныя дэпутаты, прэзыдыюм ня ўмее такімі сродкамі забясьпечваць парадак, якімі тут некаторыя спрабуюць. Ня ўмее! Пачакайце… Мы абавязаны па рэглямэнце даць кожнаму, і ў яго ёсьць свае тры хвіліны. А ўжо сумленьне кожнага – пра што ён гаворыць».
Ганчара зьнялі з ЦВК за тое, што ён увесь час паведамляў пра парушэньні, пры якіх рыхтаваўся, а потым і праводзіўся рэфэрэндум. Цяпер данесьці інфармацыю пра парушэньні на рэфэрэндуме ён мог толькі з крэсла ў Авальнай залі.
Пасьля палымянага выступу ў Вярхоўным Савеце Віктара Ганчара літаральна вынесьлі са свайго кабінэту. Публікацыя газэты “БДГ”
«Атрымалася так, што дзяржаўных сродкаў на правядзеньне рэфэрэндуму ніхто не выдзяляе, — расказаў Мечыслаў Грыб у інтэрвію Свабодзе. — Сродкі пачынаюць выдзяляць нейкія арганізацыі, прадпрыемствы камэрцыйныя. Яны ня маюць права гэта рабіць. Адкрываецца нейкі фонд пры Кіраўніцтве справамі прэзыдэнта. Цэнтральная выбарчая камісія пра гэта нічога ня ведае. Зь ёй ніхто ня хоча размаўляць. Бюлетэні замаўляюцца не праз ЦВК, а праз Кіраўніцтва справамі. Развозяцца гэтыя бюлетэні невядома кім, невядома як, невядома ў якой колькасьці. Нічога невядома! Гэта найгрубейшае парушэньне. Усё гэта незаконна».
Стэнаграма. Дэпутат фракцыі сацыял-дэмакратаў Нісьцюк У.П.:
«У нас на мяжы зрыву ўсенародны рэфэрэндум. На сёньня па колькасьці Цэнтральная выбарчая камісія нелегітымная (няма дзьвюх трацін сяброў камісіі). Яна ня мае права прымаць рашэньні, падводзіць вынікі рэфэрэндуму».
Дэпутатаў ніхто не дэлегаваў на перамовы з Лукашэнкам
Бліжэй да абеду дэпутаты пачынаюць абмяркоўваць пагадненьне, якое напярэдадні ўначы падпісаў Аляксандар Лукашэнка і прадстаўнікі Вярхоўнага Савету і Канстытуцыйнага Суду. У якасьці мадэратараў на перамовах выступіла дэлегацыя зь Дзярждумы Расеі на чале з прэмьер-міністрам Віктарам Чарнамырдзіным.
W3.CSS

Стэнаграма паседжаньня Вярхоўнага Савета XIII скліканьня
ад 22 лістапада 1996 года

Паводле ўмоў пагадненьня, дэпутаты Вярхоўнага Савету мусілі адклікаць свой зварот з Кастытуцыйнага Суду аб імпічмэнце прэзыдэнта. У сваю чаргу Лукашэнка пагаджаўся, што вынікі рэфэрэндуму будуць мець рэкамэндацыйны характар.
Наконт гэтых перамоваў адразу сталі спрачацца прапрэзыдэнцкія і дэмакратычныя дэпутаты. Станіслаў Шушкевіч зьвяртаецца да Сямёна Шарэцкага, які ўзначаліў дэлегацыю дэпутатаў на перамовах.
Стэнаграма. Дэпутат фракцыі “Грамадзянскае дзеяньне” Шушкевіч С. Г.:
«Паважаны Сямён Георгіевіч, паважаныя дэпутаты. Я мабілізую ўсе сілы, каб быць спакойным і стрыманым. Я хацеў бы, каб Сямён Георгіевіч растлумачыў, чаму было падпісана зь яго боку такое пагадненьне?»
Сёньня кажуць пра тое, што гэтае пагадненьне ня мела ніякай сілы. Па-першае, дэпутатаў ад Вярхоўнага Савету ніхто не дэлегаваў на перамовы. Па-другое, дакумэнт у такім выглядзе ня меў ніякай моцы.
«Гэтае пагадненьне ніякай юрыдычнай сілы ня мела, — кажа Грыб. — Без зацьвярджэньня на Вярхоўным Савеце яно нічога сабой не ўяўляла. Каб яны паставілі подпісы, а потым гэта зацьвердзіў Вярхоўны Савет, гэта стала б цалкам законна. Але Вярхоўны Савет іх туды не дэлегаваў».
Генадзь Карпенка, намесьнік старшыні Вярхоўнага Савету, прымаў удзел у начных перамовах з прэзыдэнтам Лукашэнкам.
Дэпутаты і прадстаўнікі Канстытуцыйнага Суду фактычна пайшлі на перамовы з ўласнай ініцыятывы. Пры тым, што большасьць дэпутатаў нават ня бачыла падпісанага дакумэнту, многія прапаноўвалі як найхутчэй прагаласаваць за яго. Каб азнаёміцца з пагадненьнем, дэпутаты разышліся па фракцыях на перапынак.
«У Рэспубліцы Беларусь пасяліўся сатанізм з пастаяннай прапіскай»
А 16-й гадзіне ў Авальнай залі парлямэнту зьявіўся Аляксандар Лукашэнка. Ён выступіў з доўгай прамовай перад дэпутатамі.
Стэнаграма. Прэзыдэнт Лукашэнка А.Р.:
«Мушу сказаць, што непрыняцьце сёньня гэтага дакумэнту, паважаныя дэпутаты, можа сур’ёзна абвастрыць сытуацыю і паставіць Вярхоўны Савет у даволі далікатнае становішча».
Згодна з дамовай, дэпутаты мусілі адклікаць з Канстытуцыйнага Суду заяву аб імпічмэнце, а Лукашэнка пагаджаўся прыняць вынікі рэфэрэндуму толькі як рэкамэндацыйныя. Але на паседжаньні Лукашэнка кажа дэпутатам зусім іншае.
Стэнаграма. Прэзыдэнт Лукашэнка А.Р.:
«Я як кіраўнік дзяржавы ў межах гэтай Дамовы зраблю ўсё, каб волевыяўленьне народу на гэтым рэфэрэндуме мела выключна абавязковы характар для кожнага грамадзяніна, для кожнай галіны ўлады».
Паводле Лукашэнкі, Сямён Шарэцкі і Генадзь Карпенка гарантавалі яму, што Вярхоўны Савет прыме гэтае пагадненьне цалкам і бязь зьменаў.
Стэнаграма. Прэзыдэнт Лукашэнка А.Р.:
«Сямён Георгіевіч двойчы сказаў, што такое рашэньне Вярхоўны Савет прыме, паколькі ён нас зь Сяргеем Калякіным і Генадзем Карпенкам дэлегаваў і прадаставіў адпаведныя паўнамоцтвы для падпісаньня».
Насамрэч жа Вярхоўны Савет нікога не дэлегаваў на тыя перамовы. І яно не магло мець канстытуцыйны характар, як пра гэта казаў Лукашэнка. А Шарэцкі не гарантаваў Лукашэнку ўхваленьня дамовы, ён толькі абяцаў, што дэпутаты яе разгледзяць.
Стэнаграма. Дэпутат фракцыі “Грамадзянскае дзеяньне” Лябедзька А. У.:
«Са зьдзіўленьнем даведваюся, што Вярхоўны Савет надзяліў Шарэцкага, Карпенку, Калякіна нейкімі паўнамоцтвамі. Прачніцеся, паважаныя!.. Давайце пакінем гэтыя размовы, што была нейкая дэлегацыя і ім былі прадастаўлены нейкія паўнамоцтвы ад імя дэпутатаў Вярхоўнага Савету».
Мала таго, што пагадненьне ня мела канстытуцыйнай сілы, яно не было ніякім пагадненьнем. Гэта быў ультыматум прэзыдэнта Вярхоўнаму Савету. Вось у якім тоне размаўляе з дэпутатамі Лукашэнка: «Пагадненьне павінна быць прынятае да 18 гадзінаў», «Рашэньне павінна быць прынятае цалкам і бязь зьменаў і дапаўненьняў», «Сёньня гэтае рашэньне канчатковае».
Стэнаграма. Дэпутат фракцыі Новак В.А.:
«Сваім характарам гэтая дамова — 10:0 на карысьць юрыстаў прэзыдэнта. Яна носіць яўна аднабаковы характар. [ ]Ці можна назваць кампрамісам гэтае пагадненьне, у якім зьмяшчаецца саступка толькі з боку Вярхоўнага Савету?»
Адзіная саступка, якую зрабіў Лукашэнка, — гэта адмена двух антыканстытуцыйных законаў, якія ён прыняў. Усяго антыканстытуцыйных законаў было 23.
Стэнаграма. Дэпутат фракцыі “Грамадзянскае дзеяньне” Лябедзька А.У.:
«Прэзыдэнт адмяніў два антыканстытуцыйныя ўказы. Гэта кампраміс ці вяртаньне ў законнае рэчышча? [ ] У гэтую ноч я канчаткова ўпэўніўся, што ў Рэспубліцы Беларусь пасяліўся сатанізм. Сёньня стаіць пытаньне толькі аб адным: якую прапіску ён атрымае: часовую ці пастаянную? [] Сёньня складваецца ўражаньне, што мы гатовыя ўзаконіць такі мэханізм, як пастаянная прапіска».
«Нас тонка разьвялі, усё ўжо зроблена»
Рэшта дня ў дэпутатаў Вярхоўнага Савету пайшла на абмеркаваньне пагадненьня-ўльтыматуму.
Стэнаграма. Дэпутат фракцыі “Грамадзянскае дзеяньне” Клімаў А.Я.:
«Ён (Лукашэнка. – Р.С.) аказаўся разумнейшым за нас усіх разам узятых. Так тонка «разьвесьці» кіраўніцтва Вярхоўнага Савету можа толькі граматны палітык. [ ] Паглядзіце на кіраўніка Адміністрацыі Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі Міхаіла Ўладзімеравіча Мясьніковіча, і вы пабачыце, што не патрэбен ужо рэфэрэндум, усё ўжо зроблена. Прэзыдэнт тое, чаго хацеў, атрымаў».
«Я сёньня думаю, ці было б падпісана гэтае пагадненьне, ці не было б прынятае, нічога не зьмянілася б, — кажа Грыб. — Можа, Вярхоўнаму Савету ўдалося б на нейкі час працягнуць сваё жабрацкае існаваньне ў нашай краіне. Але прэзыдэнт ішоў да той мэты, каб усю ўладу забраць сабе».
Стэнаграма. Дэпутатка фракцыи сацыял-дэмакратаў Абрамава В.М.:
«Калі мы прымаем гэтае пагадненьне, то ўсё, што рабілася да гэтага, увесь кірунак канстытуцыйнага рэфэрэндуму, сама ідэя прыняцьця Канстытуцыі, паводле якой усталёўваецца рэальнае ў краіне адзінаўладзьдзе — гэта будзе дасягнута з жалезнай заканамернасьцю. [ ] Аляксандар Рыгоравіч, я не магу зьняць свой подпіс (за імпічмэнт. – Р.С.), нават калі ён будзе адзіным у гэтым сьпісе! Дзякуй. (Аплядысмэнты)»
Пра пагадненьне галасавалі ў два этапы. Спачатку па кожным пункце. Усе пункты паасобку былі прынятыя. Але потым паставілі на галасаваньне ўсю пастанову цалкам. Тут ужо пачаліся спрэчкі па фармулёўках. Урэшце за начное пагадненьне дэпутаты Вярхоўнага Савету не прагаласавалі.
Публікацыя газэты “БДГ”
«Па залі паседжаньняў бегаў Канаплёў з сотавым тэлефонам — рэдкая зьява на той час, — кажа Грыб. — Вядома, што ён трымаў наўпроставую сувязь з Лукашэнкам. Стаіць на трыбуне, выступае, а па тэлефоне слухае каманды і перадае іх у залю. Калі Лукашэнка ўбачыў ваганьне ў Вярхоўным Савеце, вырашыў, што трэба зараз даламаць яго. Даў каманду, і ягоная фракцыя «Згода» не падтрымала пагадненьня. Думаю, гэта быў загад Лукашэнкі — галасаваць супраць».
Тое, што Вярхоўны Савет прагаласаваў супраць пагадненьня, Аляксандар Лукашэнка выкарыстаў як права прызнаваць вынікі рэфэрэндуму абавязковымі.
Стэнаграма. Прэзыдэнт Лукашэнка А.Р.:
«Ня можа Вярхоўны Савет гэтага зрабіць (я ж вас не штурхаю, каб вы гэта рабілі, ня можаце — значыць ня можаце). Тады разьбірайцеся з тымі, хто там быў і хто падпісваў гэтую дамову, а я пайду сваёй дарогай: буду прасіць народ, каб ён прагаласаваў на рэфэрэндуме, вынікі рэфэрэндуму былі б абавязковымі і для вас, і для мяне, і для кожнага грамадзяніна».
Празь нерашучасьць старшыні Канстытуцыйнага Суду Валерыя Ціхіні у той дзень так і не пачалася працэдура імпічмэнту прэзыдэнту, хоць за яе напярэдадні ўжо падпісаліся 73 дэпутаты. Вярхоўны Савет мусіў працягнуць працу пасьля рэфэрэндуму — 26 лістапада, Але ў Авальную залю дэпутатаў больш не пускалі: Дом ураду быў ачэплены міліцыяй.
Старшыня Канстытуцыйнага суду Валер Ціхіня (у цэнтры). Публікацыя газэты “БДГ”
«Адбыўся дзяржаўны пераварот, гэта адназначна, — кажа Грыб. — Усю ўладу захапіў прэзыдэнт і ягонае атачэньне. Вярхоўны Савет быў адсунуты, як парлямэнт быў паралізаваны, і да сёньняшняга дня ён ня мае нічога, акрамя шыльды».
Гэта былі элемэнты надзвычайнага становішча, рэфэрэндум нельга было праводзіць
Яшчэ ў часы старшынства ў Вярхоўным Савеце XIII скліканьня Мечыслаў Грыб накіроўваў у Канстытуцыйны Суд скаргі на Лукашэнку, які выдаваў антызаконныя распараджэньні. Напрыклад, ужо на другі дзень пасьля абраньня прэзыдэнтам Лукашэнка забраў у Вярхоўнага Савету ўсю ўласнасьць.
«Мы мелі гаражы, гатэль, транспарт – усё, — кажа Грыб. — На другі дзень пасьля абраньня ён усё гэта забраў сілай. І бухгальтэрыю, і транспарт, і грошы».
Менск напярэдадні рэфэрэндуму. Публікацыя газэты “БДГ”
За год працы Грыб аформіў на Лукашэнку 16 прадстаўленьняў у Канстытуцыйны Суд аб парушэньні Лукашэнкам Канстытуцыі і заканадаўства.
«Я судзіўся зь ім, дамогся разгляду гэтага пытаньня. А калі выбралі Вярхоўны Савет XIII скліканьня, новае кіраўніцтва адклікала ўсе мае хадайніцтвы. Яны хацелі знайсьці паразуменьне з Лукашэнкам. І думалі, што ім удасца».
Мечыслаў Грыб
Аднак Лукашэнка не зьбіраўся ні з кім шукаць паразуменьня. Зь першага дня ён прасіў, каб Вярхоўны Савет надаў ягоным указам і распараджэньням законную сілу. Але па Канстытуцыі 1994 году прэзыдэнт меў толькі выканаўчую ўладу: усе законы распрацоўваў незалежны ад яго Вярхоўны Савет.
Калі мы толькі выбралі першага прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, ён адразу прыйшоў да нас на паседжаньне ВС і паставіў нам адно такое катэгарычнае пытаньне. Ён прасіў, каб мы надалі ягоным указам (дэкрэтаў тады яшчэ не было, былі толькі распараджэньні і ўказы ў правах прэзыдэнта) законную сілу.
Зь першага дня ён стаў патрабаваць гэта ў нас. Але ў Канстытуцыі ёсьць прамы артыкул. Запісана, што адзіным вышэйшым заканадаўчым органам улады ў Рэспубліцы Беларусь зьяўляецца Вярхоўны Савет.
Тыповая карціна ў Менску ў лістападзе 1996 года. Публікацыя газэты “БДГ”
Мы кажам: “Мы ня можам даць вам тое, што вы просіце, таму што гэта супярэчыць Канстытуцыі. Калі вашым указам надаваць законную сілу, тады трэба мяняць Канстытуцыю”. Гэтая думка ў яго засталася. І ўжо ў 1996 годзе ён задаўся мэтай, каб набыць магчымасьць самому выдаваць законы. Гэта была ягоная асноўная мэта».
Калі ж ужо пачалася падрыхтоўка да рэфэрэндуму, паводле Мечыслава Грыба, у краіне трэба было ўводзіць надзвычайны стан. Па-першае, пытаньне зьменаў Канстытуцыі паводле таго заканадаўства магло разглядацца толькі ў Вярхоўным Савеце, не на рэфэрэндуме. Па-другое, сам рэфэрэндум праводзіўся са шматлікімі парушэньнямі. Яго праводзіла не Цэнтральная выбарчая камісія, а Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта.
Мечыслаў Грыб лічыць, што ў краіне варта было ўводзіць надзвычайнае становішча. Публікацыя газэты “БДГ”
«Гэта элемэнты надзвычайнага становішча, — кажа Грыб. — Пры надзвычайным становішчы рэфэрэндум праводзіць нельга. Але ні ў кіраўніцтва ВС, ні ў большасьці дэпутатаў не хапіла мужнасьці, розуму, каб прыняць такое рашэньне».
Credits

Аўтар: Антон Трафімовіч. Фота: Радыё Свабода, Дызайн і распрацоўка Pangea Design.

2016 © Pangea Digital, Радыё Свабода