Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка адрэагаваў на заяву Сахашчыка аб плянах Беларусі і Расеі напасьці на Літву

абноўлена

Аляксандар Лукашэнка у Ашмянскім раёне Горадзенскай вобласьці 26 сакавіка 2024
Аляксандар Лукашэнка у Ашмянскім раёне Горадзенскай вобласьці 26 сакавіка 2024

Аляксандар Лукашэнка знаходзіцца зь візытам паблізу мяжы зь Літвой.

Аляксандар Лукашэнка сярод іншага расказаў, як Узброеныя сілы Беларусі будуць рэагаваць у выпадку «правакацый аб парушэньні мяжы». Ён прыехаў у Ашмянскі раён Горадзенскай вобласьці на палігон, дзе адбываецца праверка баявой гатоўнасьці Ўзброеных сіл Беларусі.

«Публічна скажу: любая правакацыя павінна спыняцца ўзброеным шляхам. Няма чаго зь імі жартаваць. Парушылі дзяржаўную мяжу — на зьнішчэньне. Ніхто не павінен ні з кім цырымоніцца. І мы так і будзем рабіць. Таму любое парушэньне дзяржаўнай мяжы — на зьнішчэньне. Яны разумеюць толькі сілу», — працытавала Лукашэнку дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва БелТА.

У той жа час Лукашэнка заявіў, што ён разам з Расеяй не зьбіраецца нападаць на суседнія краіны.

«Яны што, усур’ёз думаюць, што мы тут з расейцамі спрабуем ці нападзём на іх? Супрацьтанкавыя равы навошта рыюць... Мы ж не зьбіраемся туды ісьці. [...] Мы расслабляцца не павінны. Мы ўпэўнены, што калі мы недзе супакоімся, яны на нас нападуць. Гэта абсалютна дакладна. Але мы туды не зьбіраемся ісьці», — сказаў Лукашэнка.

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ўсе вучэньні ў Беларусі накіраваныя на стварэньне сыстэмы абароны, а не для нападу на краіны Захаду.

«Дурасьць поўная, мы не зьбіраемся на іх нападаць. Мы выбудоўваем тут сыстэму абароны. Яны чакаюць гэта. Яны правакуюць нас, каб мы хоць неяк ім адказалі. Вазьміце закідваньне дывэрсійных груп праз украінскую мяжу. Яны зацікаўленыя ў разьвязваньні гэтай вайны. Дурныя людзі», — заявіў ён.

«Нам чужога ня трэба, але свайго не аддадзім. Вось наша лёгіка. Нам ня трэба гэтая вайна. Але калі тузануцца, мы вельмі сур’ёзна адкажам», — сказаў Лукашэнка.

У сваю чаргу камандуючы войскамі Паўночна-заходняга апэратыўнага камандаваньня Аляксандар Навуменка падкрэсьліў, што правакацыі паблізу дзяржаўнай мяжы Беларусі магчымыя з боку Польшчы і Літвы.

Паводле яго, у прыватнасьці, на літоўскім палігоне Пабрадзе за 15 кілямэтраў ад мяжы зь Беларусьсю знаходзяцца батальёны зь Нямеччыны і ЗША, якія «могуць задзейнічаць для правядзеньня правакацыйных дзеяньняў паблізу дзяржаўнай мяжы з выкарыстаньнем дывэрсійна-выведных груп і незаконных узброеных фармаваньняў».

Пазьней праўладны тэлеграм-канал «Пул первого» абнародаваў відэазапіс, на якім Аляксандар Лукашэнка вядзе дыялёг з камандуючым войскамі Паўночна-заходняга апэратыўнага камандаваньня Аляксандрам Навуменкам у прысутнасьці іншых вайскоўцаў. Пры гэтым усе яны стаялі, а Лукашэнка сядзеў за сталом, на якім знаходзіўся ягоны гадаванец шпіц Умка. Перад ім на экране дэманстравалася паведамленьне «Групоўка авіяцыі на тэрыторыі сумежных дзяржаў і выведнай дзейнасьці супраць Рэспублікі Беларусь».

«Каб мы ня ставіліся спрошчана да гэтага, мы мусім ведаць, да чаго яны рыхтуюцца, паколькі яны ўвесь час вякаюць пра гэты Сувалскі калідор. Колькі тут кілямэтраў да Расеі, да Калінінградзкай вобласьці ад нашых межаў?», — запытаў Лукашэнка.

На адказ, што адлегласьць складае 42 кілямэтры, калі наўпрост, і 90 кілямэтраў, калі па мяжы, Лукашэнка заявіў: «Практычна нічога. Дарма яны так сябе паводзяць. Але ў цяперашні момант табе давядзецца супрацьстаяць балтыйскім рэспублікам. І частку Польшчы ты прыхопліваеш?.

«Там невялікую, паўночную», — сказаў Навуменка.

«Паўночна-усходнюю? Сплянавана? Ты ўпэўнены, што гэта па фронце тэрыторыя і ты яе ўтрымаеш сваімі войскамі?», — запытаў Лукашэнка.

«Існуюць дакумэнты ваеннага плянаваньня, і ўсе дзеяньні сплянаваныя, пытаньні баявой гатоўнасьці адпрацоўваюцца, асабовы склад рыхтуецца, у тым ліку тое, што прадугледжана паводле вашых указаньняў, а зараз ужо выконваецца паводле распараджэньня міністра абароны ў межах падрыхтоўкі ўмацавальных раёнаў. Мы ня проста выходзім у раёны палявога выхаду і правядзеньня вучэньняў. Мы, у тым ліку, вось як зараз [выходзім]— у рэальныя раёны, каб асабовы склад, афіцэры ведалі, мясцовасьць, дарогі, ведалі, дзе, як і што, каб мэтазгодна на мясцовасьці маглі ўхвальваць рашэньні і былі гатовыя непасрэдна да рэальных дзеяньняў», — патлумачыў Лукашэнку камандуючы войскамі Паўночна-заходняга апэратыўнага камандаваньня Аляксандар Навуменка.

Што казаў Сахашчык

24 сакавіка прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінэту (АПК) у абароне і нацыянальнай бясьпецы Валер Сахашчык, выступаючы ў Варшаве на мітынгу да Дня Волі, заявіў, што Расея і Беларусь рыхтуюць пляны выкарыстаньня ядзернай зброі і «нейкага бліцкрыгу на Вільню».

Пазьней, адказваючы на пытаньне «Люстэрка», Валер Сахашчык адзначыў, што інфармацыю пра падрыхтоўку да выкарыстаньня ядзернай зброі з боку Расеі і Беларусі ён атрымаў ад «крыніц высокага ўзроўню». Ён вырашыў яе абнародаваць, каб папярэдзіць такое разьвіцьцё падзей.

«Ёсьць шэраг фактараў, якія паўплываюць на тэрміны. Я думаю, што гэта можа быць, напрыклад, ліпень-жнівень», — сказаў Валер Сахашчык.

15 сакавіка ў Беларусі заявілі аб нарошчваньні захадаў у межах праверкі баявой гатоўнасьці войска. Людзей прызываюць у тым ліку з запасу.

Начальнік Генэральнага штабу Ўзброеных сілаў, першы намесьнік міністра абароны Беларусі Віктар Гулевіч заявіў, што захады, якія адбываюцца ў межах праверкі баявой гатоўнасьці, будуць нарошчвацца.

Падчас праверкі баявой гатоўнасьці беларускага войска, якая пачалася 11 сакавіка, ва Ўкраіне без папярэдняга абвяшчэньня на мяжы зь Беларусьсю правялі контрадывэрсійныя захады з удзелам Міністэрства ўнутраных справаў, Службы бясьпекі, Сілаў тэрытарыяльнай абароны Ўкраіны.

Рэжым Лукашэнкі сыстэматычна адзначае, што праводзіць манэўры і праверкі войска як «адказ» блёку NATO, якое праводзіць свае вучэньні непадалёк беларускай мяжы.

Праз падтрымку Аляксандрам Лукашэнкам агрэсіі Расеі супраць суседняй Украіны, шэраг краін увёў санкцыі супраць Беларусі. Ад моманту поўнамаштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году на тэрыторыі Беларусі амаль бесьперапынна праводзяцца вайсковыя вучэньні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG