Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гаазе адкрылася канфэрэнцыя аб меркаваных ваенных злачынствах Расеі ва Ўкраіне


Міжнародны крымінальны суд
Міжнародны крымінальны суд

Заходнія афіцыйныя асобы сабраліся ў Гаазе 2 красавіка, каб абмеркаваць супольныя намаганьні ў расьсьледаваньні меркаваных ваенных злачынстваў Расеі, учыненых яе сіламі падчас поўнамаштабнага нападу на Ўкраіну.

Міжнародная канфэрэнцыя «Аднаўленьне справядлівасьці для Ўкраіны» арганізавана Нідэрляндамі, Украінай і Эўракамісіяй, найвышэйшым выканаўчым органам Эўразьвязу. Чакаецца, што міністры замежных спраў і юстыцыі, а таксама прадстаўнікі Міжнароднага крымінальнага суду (МКС) і судовага органа ЭЗ Эўраюст абмяркуюць барацьбу зь беспакаранасьцю і выплату кампэнсацый ахвярам.

Украінскія ўлады заяўляюць, што расьсьледуюць больш за 120 000 меркаваных ваенных злачынстваў, зьвязаных з поўнамаштабным уварваньнем, якое пачалося ў лютым 2022 году. Паводле ацэнак Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, больш за 30 000 мірных жыхароў былі забітыя або параненыя.

Расейскіх вайскоўцаў абвінавачваюць у ваенных злачынствах у папярэдніх канфліктах, у тым ліку ў войнах у Чачэнскай рэспубліцы і ў падтрымцы рэжыму Башара Асада ў Сырыі. Крэмль традыцыйна адмаўляе сваю ролю і адказнасьць за ўсе меркаваныя злачынствы.

Экспэрты ў правах чалавека пры падтрымцы ААН заявілі 15 сакавіка, што сабралі новыя доказы жудасных катаваньняў украінскіх ваеннапалонных у расейскай няволі, заявіўшы, што такая практыка можа быць тоеснай ваенным злачынствам.

Камісія расьсьледаваньня ва Ўкраіне заявіла, што парушэньні правоў чалавека былі шырока распаўсюджанымі пасьля таго, як прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін загадаў сваім войскам уварвацца ў краіну больш за два гады таму, і што пакуты цывільнага насельніцтва ад вайны працягваюць павялічвацца.

«Новыя доказы пацьвярджаюць папярэднія высновы камісіі аб тым, што катаваньні, якія прымяняюцца расейцамі ва Ўкраіне і самой Расеі, былі шырока распаўсюджанымі і сыстэматычнымі», — гаворыцца ў апошнім дакладзе камісіі, у якім спасылаюцца на «жахлівае абыходжаньне» з ваеннапалоннымі ў некалькіх месцах у Расеі.

У ліпені 2023 году AP паведамляла, што тысячы ўкраінскіх мірных жыхароў утрымліваюцца ў расейскіх турмах і падвяргаюцца сыстэматычным катаваньням і рабскай працы. У справаздачы AP таксама спасылаецца на дакумэнт ураду Расеі ад студзеня 2023 году, у якім апісваюцца пляны Масквы стварыць дзясяткі новых турэмных калёній і ізалятараў на тэрыторыі акупаванай Украіны да 2026 году.

Раней Міжнародны крымінальны суд выдаў ордэр на арышт Пуціна, абвінаваціўшы расейскага кіраўніка ў адказнасьці за незаконную дэпартацыю дзяцей з Украіны, што зьяўляецца ваенным злачынствам. Яшчэ адзін расейскі чыноўнік, Марыя Львова-Бялова, таксама фігуравала ў гэтым ордэры ў сакавіку 2023 году.

У вывазе дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны прымае ўдзел у рэжым Аляксандра Лукашэнкі ў Беларусі. Дзяцей возяць па краіне, падвяргаюць ідэалягічнай апрацоўцы, русыфікацыі. Чынны ўдзел у гэтым бяруць былы паралімпіец, прадпрымальнік Аляксей Талай і кіраўнік Беларускага Чырвонага Крыжа Дзьмітры Шаўцоў, якія наведваюць акупаваныя расейцамі тэрыторыі Ўкраіны.

У сьнежні 2023 году Міжнародная фэдэрацыя таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца прыпыніла сяброўства Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа празь невыкананьне патрабаваньня вызваліць Дзьмітрыя Шаўцова ад пасады генэральнага сакратара арганізацыі. Таксама Міжнародная фэдэрацыя пазбавіла Беларускае таварыства фінансаваньня.

23 лютага Дзьмітры Шаўцоў, а разам зь ім і Аляксей Талай, трапілі ў 13-ы пакет санкцый Эўразьвязу за свой удзел у незаконнай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG