Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вольга Гапеева: «Эмансыпаваных жанчын шмат, патрэбны эмансыпаваныя мужчыны»


Вольга Гапеева, архіўнае фота
Вольга Гапеева, архіўнае фота

Беларуская паэтка, раманістка, перакладчыца, дасьледніца гендэрных праблемаў Вольга Гапеева выехала зь Беларусі ў 2019-м, калі атрымала аўстрыйскую гадавую літаратурную стыпэндыю. Пасьля яе сканчэньня ўвосень 2020-га вярнуцца на радзіму ўжо не змагла.

Свабода пагаварыла з Вольгай Гапеевай пра эмігранцкае жыцьцё і творчасьць, цікавасьць замежных выдавецтваў і чытачоў да беларускай літаратуры, паэзію ў часы рэвалюцый і пратэстаў, беларусізмы ў нямецкіх перакладах ды многае іншае.

«Нагадваю сабе, як важна верыць у цуды і ўласны сусьвет»

— За пяць гадоў эміграцыі ў нямецкамоўных краінах вы змушана зьмянілі сем адрасоў. Дзе лепей за ўсё пачуваецеся як беларуская літаратарка? І што найбольш перашкаджае творчаму працэсу?

— У мяне няма нейкай прывязкі да месца ці часу, я магу пісаць абсалютна паўсюль і ў любы час. Вельмі падтрымлівае думка пра тое, што мае творы чытаюць і ёсьць да іх інтарэс. Але збольшага гэта мая ўласная цікаўнасьць і жаданьне выказваць у літаратурнай форме перажываньні, ідэі, шукаць адказы або дасьледаваць тэмы, якія мяне хвалююць. Напрыклад, што дапамагае разьвіваць эмпатыю ў людзях, як мяняецца ўспрыняцьце рэальнасьці, калі мяняецца мова, як нараджаюцца сьлімакі і што такое аб’ект Торна-Жыткаў (вядомы як зорка ў зорцы) — пра ўсё гэта я пішу, бо мне цікава.

Перашкаджае пісаць, пэўна, трывожнасьць, якая хочаш ня хочаш, але прысутнічае як фон, бо маё жыцьцё досыць неўладкаванае, кожны год я мушу шукаць нешта новае. Шмат бюракратычных момантаў, якія таксама не палягчаюць сытуацыю і дадаюць няўстойлівасьці і няпэўнасьці.

— Ці здараліся за гэтыя гады моманты скрухі, адчаю, безвыходнасьці, настальгіі? І як вы іх пераадольваеце?

— Так, безумоўна, здараліся. Няпроста заставацца ў рэсурсным стане, калі столькі чорных падзеяў. Часам ня верыцца, што людзі здатныя на такую бесчалавечнасьць, быццам гісторыя нас нічому ня вучыць. Са свайго досьведу магу сказаць, што вельмі істотна ня быць у ізаляцыі. Я вельмі шаную самоту і люблю яе, але павінен быць балянс. І, вядома, шукаць людзей, зь якімі вы пачуваеце сябе ў бясьпецы і якія вам блізкія. Таксама я плаваю, «грэюся» ў саўне, калі ёсьць мажлівасьць, раблю практыкаваньні, але, зноў жа, толькі тыя, ад якіх я не пакутую, якія мне ў радасьць. Слухаю афірмацыі для гігіены нэгатыўных думак і нагадваю сабе, як важна верыць у цуды і ўласны сусьвет.

Я люблю лёгіку, але часам яна замінае марыць, таму час ад часу яе варта «выключаць». Таксама ў маёй «аптэчцы» прысутнічаюць псыхатэрапія, антыдэпрэсанты і мастацтва: некалькі год таму я пачала маляваць. Дзякуй багіням і багам, сёньня людзі з тонкай душэўнай будовай і высокаадчувальныя асобы могуць знайсьці сабе падтрымку, таму галоўнае — зразумець, што будзе дапамагаць менавіта вам, і не адчуваць сораму ці няёмкасьці. Мы ўсе вельмі розныя, але ўсе маем права жыць у згодзе і любові з сабой. І, напэўна, апошняе — гэта давер сусьвету. Калі я думаю пра сябе як частку ўнівэрсуму, мне робіцца спакайней: я адчуваю сувязь, якая яднае казюрку, шыпульку на ялінцы, прадавачку ў краме. Тады ўзьнікае абсалютны новы ўзровень адказнасьці за кожны рух, кожнае слова, кожную думку.

Вольга Гапеева
Вольга Гапеева

«Выдавецтва пагадзілася з маёй прапановай пакінуць беларускае слова „Samota“»

— Аўстрыйскае выдавецтва Droschl выпусьціла ў перакладзе на нямецкую мову вашу празаічную кнігу «Самота, што жыла ў пакоі насупраць». Чым яна, на вашу думку, прывабіла перакладчыцу Тыну Вюншман і перакладчыка Матыяса Гёрыца, і, спадзяёмся, прывабіць нямецкамоўных чытачоў?

— Я думаю, галоўным было тое, што гэта раман. Droschl вельмі неахвотна друкуе паэзію (як і шмат якія выдавецтвы). Да таго ж папярэдні мой раман добра адгукнуўся і я для выдавецтва зрабілася «іхнай» аўтаркай, таму яны былі зацікаўленыя ў «Самоце». І я вельмі ўсцешаная, што выдавецтва пагадзілася з маёй прапановай пакінуць беларускае слова «Samota» у назьве, каб ня толькі ў нас былі германізмы, а каб і ў нямецкай прысутнічала такое прыгожае слова з нашай мовы.

— «Самота…» ня першы ваш твор, даступны ў перакладзе замежным чытачам. Якія яшчэ вашы кнігі і на якіх мовах могуць яны пачытаць?

— Выйшлі два зборнікі паэзіі ў перакладзе на нямецкую «Mutantengarten», «Trapezherz», дзе сабраныя амаль усе мае вершы, выдадзеныя па-беларуску. Таксама раман «Кэмэл-трэвэл» (у перакладзе Томаса Вайлера) выйшаў па-нямецку і зборнік вершаў па-ангельску (у перакладзе Эні Рутэрфорд). Ёсьць яшчэ нямецкамоўнае эсэ «Die Verteidigung der Poesie in Zeiten dauernden Exils», якое таксама выйшла ў форме кніжыцы.

Кніга Camel Travel
Кніга Camel Travel

Асобныя вершы і эсэ публікаваліся ў часопісах і онлайн; у асноўным гэта, вядома, нямецкая мова і ангельская, але і на іншых таксама ёсьць (хіндзі, італійская і яшчэ 13 моваў).

«Літаратурны працэс у Нямеччыне, Аўстрыі і Швайцарыі працуе як гадзіньнік»

— А як успрымаюць прачытанае крытыкі і рэцэнзэнты? І якая і чаму, на вашую думку, зь перакладзеных вашых кніг займела найбольшую цікавасьць у замежжы?

— «Кэмэл-трэвэл» прыпаў на час ковіду, таму шмат выступаў былі онлайн, але ўсё адно рэцэнзій выйшла даволі багата. Я лічу, што для перакладной кніжкі на той час яшчэ мала вядомай для нямецкай аўдыторыі аўтаркі гэта быў посьпех. Эсэ прыцягнула шмат увагі, пра яго шмат пісалі і я шмат зь ім выступала, яно атрымала прэмію як лепшае эсэ 2022-га. Таксама летась на ўжо згаданую кніжку вершаў «Trapezherz» зьявілася шмат рэцэнзій у прэстыжных газэтах, што ня часта здараецца з паэтычнымі выданьнямі. І зноў жа было шмат запрашэньняў на выступы зь ёй. Мне здаецца, публіка вельмі цёпла прыняла маю паэзію. І вось цяпер раман «Самота…». За першыя тыдні пасьля зьяўленьня кніжкі ў продажы выйшлі рэцэнзіі ў істотных газэтах, таксама шмат у інстаграме — у літаратурных блогах. Мая выдаўніца Анэт Кнох была вельмі задаволеная.

Літаратурны працэс у Нямеччыне, Аўстрыі і Швайцарыі працуе як гадзіньнік, і тэмпы вельмі шалёныя. Кніжка на наступны год ужо будзе лічыцца састарэлай, бо штогод выходзіць мора кніжак. Звычайна ў выдавецтвах год падзелены на раньні і позьні пэрыяды (зіма і восень), калі выходзяць новыя кніжкі і літаратурныя дамы і інстытуцыі, якія запрашаюць аўтарак і аўтараў на выступы, арыентуюцца ў першую чаргу на навінкі. Таму калі кніжку адразу не заўважылі, то праз год яе ўжо ніхто і ня ўспомніць. Жорстка і, зразумела, вельмі прыкра, што гэта так працуе, бо сапраўды шмат якасных і файных кніжак застаецца па-за ўвагай.

Кніга Samota
Кніга Samota

— Ад беларускіх літаратараў, якія з розных прычын выехалі з радзімы, даводзіцца чуць несуцяшальнае прызнаньне, што яны цікавяць замежных выдаўцоў і чытачоў часьцей як палітычныя ахвяры беларускага рэжыму і радзей — як выбітныя беларускія творцы. Што вы з уласнага досьведу можаце сказаць пра гэта?

— У прынцыпе я, пэўна, пагаджуся, але гэта ня толькі зь беларускімі аўтаркамі і аўтарамі так: для пісьменьніц і пісьменьнікаў зь іншых «менш пасьпяховых» краінаў гэтая праблема актуальная таксама. Наш мозг вельмі любіць усё раскладаць па палічках, і калі ты ня «ўпісваесься» ці ня хочаш зьмяшчацца ў скрынку, якую табе прапануе капіталістычная сыстэма, трэба быць гатовай, што ў цябе ня будзе «масавага чытача». Мне пашчасьціла з маім выдавецтвам, бо яны ад пачатку бачылі ўва мне літаратурную аўтарку, а не палітычную асобу. Для іх я істотная з пункту гледжаньня менавіта якасьці тэксту як літаратурнага твору, што мяне бязьмерна цешыць, бо гэта і мой падыход таксама.

Кніга Mutantengarten
Кніга Mutantengarten

— Нядаўна вы ўдзельнічалі ў дыскусіі Fauna Femina, якая ладзілася ў межах цыклю міжнародных мерапрыемстваў «Мэтамарфозы», прысьвечаных палітычнаму, культурнаму і грамадзкаму жыцьцю жанчын. Чым для вас як беларускай літаратаркі цікавая гэтая тэма? Пра што там гаварылася і якія высновы дыскусіі вам важныя ў вашай творчасьці?

— Я даўно цікаўлюся гендарнай праблематыкай і пішу пра яе. Тут, пэўна, мала новага для мяне. У той жа час мы абмяркоўвалі кніжкі, якія так ці іначай закраналі пытаньні жывёлаў і экалёгіі, прыроды і этыкі. Звычайна ад такіх выступаў я шмат не чакаю, бо за кароткі час дыскусіі проста немажліва грунтоўна абмеркаваць такі масіў складаных тэмаў. Пад канец выступу я сказала, што сёньня, у прынцыпе, даволі шмат эмансыпаваных жанчын і што нам патрэбны эмансыпаваныя мужчыны.

— А наагул якія падзеі, тэмы, эмоцыі вас як літаратарку найбольш цяпер цікавяць? Вайна ж навокал…

— Мяне цікавіць шмат што, але цяпер я працую над двума эсэ: адно пра падарожжы і вандроўкі як фэномэн, другое пра валосьсе. Заўсёды ёсьць вершы, а яны пішуцца абсалютна пра рознае, ад вайны да скрыні з-пад абутку. Таксама пачала працу над новым раманам.

«Мяне доўга не адпускала фраза „Цяпер ня час для паэзіі“»

— У пратэставым 2020-м адзін беларускі СМІ адмовіўся друкаваць інтэрвію з вамі пра вашу тады новую кнігу вершаў «Словы, якія са мной адбыліся», патлумачыўшы: «Цяпер ня час для паэзіі». А які ён, час для паэзіі?

Кніга Trapezherz
Кніга Trapezherz

— Той выпадак мяне моцна выбіў з раўнавагі, і гэтая фраза доўга мяне не адпускала. Я пакутліва думала, што магу зрабіць, як адрэагаваць, і тады я напісала эсэ. Я ведала, што так быць не павінна, бо для паэзіі заўсёды ёсьць час, і калі «гэта ня час для паэзіі», то, на жаль, мы як чалавечыя істоты, як асобы асуджаныя на абесчалавечваньне. Я б не хацела жыць у сьвеце, дзе няма паэзіі. Вельмі сумна, што пра паэзію часта думаюць як пра нешта несур’ёзнае або дэкаратыўнае, рамантычнае. Так, вядома, паэзія ўмее і жартаваць, і забаўляць, але ня толькі. Яна дапамагае ў складаныя часы, суцяшае боль і робіць нешта неймавернае з душой. Паэзія можа быць абсалютна рознай — і ў гэтым ейныя моц і прыгажосьць. Кожная і кожны можа там адшукаць нешта для сябе.

— Ці можаце падзяліцца з нашымі чытачамі вашымі вершамі апошняга часу?

— Так, з задавальненьнем. У траўні-чэрвені, дарэчы, у выдавецтве «Скарына» плянуецца выхад маёй новай паэтычнай кніжкі «Пад асобнымі коўдрамі».


златавочка прысела мне на руку
адпачыць
я спынюся паслухаць адкуль у яе тая стома
усьміхнуся
паспачуваю
і абавязкова зраблю камплімэнт
ейным крылцам
з карункавым узорам

Скрынка з-пад абутку

кар’ера скрынкі з-пад абутку
няпростая,

а дакладней
вельмі кароткая
і шанцаў назапасіць грошай
проста няма

таму калі скрынкі з-пад абутку
выходзяць на пэнсію
ім даводзіцца зноў уладкоўвацца на працу
вучыцца як быць
кантэйнэрам для цацак
скарбонкай для каштоўных дробязей
якія людзі называюць успамінамі
шафкай куфэркам і часам нават труной
для памерлых хатніх жывёлаў
у асноўным птушак ці хамякоў

і ведаеце што?

нехта са скрынак абураецца
што цяпер яны мусяць захоўваць
розную лухту,
а нехта — усьцешаны
што можна як і раней адчыняцца і зачыняцца
бачыць захапленьне ў вачах
адчуваць дотык пальцаў якія нешта шукаюць

хто б мог падумаць што скрынкі з-пад абутку
такія ўражлівыя натуры
з пустэчай
дзе поўна пачуцьцяў

на плянэце зямля
жывуць збольшага іншаплянэтнікі
хто з альдэбарану хто з альфы цэнтаўра
бо як яшчэ патлумачыць
тую самоту што агортвае пад вечар
той страх у вачах мінака

тут ніхто нікога не разумее
і ўсе мараць, як бы хутчэй вярнуцца дадому
за тры або пяць
мільярдаў сьветлавых гадоў

і пакуль іншыя іншаплянтнікі сьпяць
я дасылаю гэтае паведамленьне
у надзеі што тут ёсьць нехта яшчэ
з касіяпэі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG