Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лявонаў: "Каб не давялося яшчэ купляць збожжа самім"


Ад 15 жніўня ўлады Расеі наклалі часовую забарону на экспарт збожжа і мукі. Да 31 сьнежня забараняецца вываз пшаніцы, ячменю, жыта, кукурузы, а таксама пшанічнай і жытняй мукі. Аналягічныя захады Масква прапанавала сябрам Мытнага зьвязу — Беларусі і Казахстану, якія, аднак, заклік праігнаравалі.

Мала таго, Менск разьлічвае зарабіць на экспарце збожжа ў Расею, дзе з-за анамальнай засухі ўжо загінулі больш за 5 мільёнаў гектараў сельскагаспадарчых культур. Аднак экспэрты сьцьвярджаюць, што зарабіць наўрад ці ўдасца — на ўнутраныя патрэбы Беларусі неабходна ня меней за 8 мільёнаў тон збожжа, тым часам як сабраць удасца ў лепшым выпадку на мільён тон меней.

Гаспадаркі Беларусі завяршаюць уборку збожжа і зернебабовых культур. Паводле дадзеных на 16 жніўня, сельгасарганізацыі намалацілі 6 мільёнаў 600 тысяч тон збожжа, а з улікам фэрмэрскіх гаспадарак паказьнік набліжаецца да 7 мільёнаў тон. Гэта на 2 мільёны тон меней, чым было атрымана летась. Аднак падчас нядаўняй паездкі па Меншчыне Аляксандар Лукашэнка загадаў ураду атрымаць максымальны прыбытак ва ўмовах росту ўсясьветных коштаў. Перадусім Лукашэнка разьлічвае зарабіць на Расеі, якая, ягонымі словамі, увесь час уздымае цэны на нафту і газ, таму Беларусь лягічна хоча атрымаць тут "сваё шчасьце". Дарэчы, цэны на збожжа ў Расеі ўжо падскочылі ў 1,5—2 раза.

Праўда, былы міністар сельскай гаспадаркі Беларусі Васіль Лявонаў, які зараз займаецца аграрным бізнэсам у Расеі, перакананы: у Беларусі няма лішкаў збожжа на продаж:

Васіль Лявонаў
"Я скажу адназначна: калі будзе, каб не галадаць, то дай Божа не купляць самім. Таму глупства поўнае — чаго раптам яны будуць прадаваць? Проста пустазвонства, дэмагогія. Але нічога дзіўнага ў гэтым няма. Ці мала што можа чалавек сказаць? Заўтра ён скажа нешта іншае. Таму ў гэтай сытуацыі трэба думаць не пра экспарт, а як пракарміцца самім".

Як вынікае з аналітычнай запіскі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня Беларусі, падрыхтаванай па выніках леташняй уборачнай кампаніі, з улікам рэальнага спажываньня на харчаваньне і тэхнічныя мэты, а таксама на корм жывёле патрэба Беларусі ў збожжы разам са страхавым рэзэрвам ацэньваецца ў 8—9 мільёнаў тон.

Упершыню практычна цалкам забясьпечыць тылы ўдалося летась. Аднак сёлета, насуперак намерам дасягнуць 10-мільённай столі, сабраць больш за 7 мільёнаў тон ня ўдасца. Хоць перад аграрнай навукай пастаўленая мэта выйсьці на паказьнік 40 цэнтнэраў з гектару, сярэдняя ўраджайнасьць па Беларусі — 30 цэнтнэраў. Расеі ж і да гэтых лічбаў — як да неба. Між тым спадар Лявонаў ня схільны ўсё сьпісваць на экстрэмальнае надвор'е, бо ў выніку шмат што залежыць ад стаўленьня людзей да справы:
немцы малоцяць на тых жа самых землях 60 цэнтнэраў ...

"У Беларусі ў гэтым годзе былі вельмі спрыяльныя ўмовы ў бальшыні рэгіёнаў. Таксама магу расказаць, з чым я сутыкнуўся на Браншчыне, але масу гэткіх жа прыкладаў можна знайсьці і ў Беларусі. Там малоцяць 8—12 цэнтнэраў жыта з гектара. Маўляў, засуха, сьпёка, ураджаю няма. Але паказальна, што немцы малоцяць на тых жа самых землях 60 цэнтнэраў! Вось вам і прыклад гаспадарлівасьці. Таму што калі добра пасеяў і даглядаеш, то ўсё вырастае і вагаецца на выхадзе ня больш як на 10—15%".

Разам з тым Мінсельгасхарч Беларусі прызнае, што беларускае збожжа ня можа быць значным прадуктам экспарту на ўсясьветным зерневым рынку, бо яно неканкурэнтаздольнае з прычыны аб'ектыўных прыродна-кліматычных умоў. Адпаведна, аб'ём вытворчасьці павінен вызначацца нацыянальнымі патрэбамі.

Апроч таго, па-ранейшаму ад агульнай справы фактычна адлучаныя прыватнікі і фэрмэры. Нізкія цэны закупу збожжа, немагчымасьць уклініцца на пункты прыёму ў няроўнай канкурэнцыі з калгасамі і саўгасамі не спрыяюць пашырэньню збожжавых пасеваў. Гаворыць фэрмэр зь Меншчыны Ўладзімер Матусевіч:

Уладзімер Матусевіч
"У нас гавораць, што ўсе формы ўласнасьці роўныя, але гэтага ніколі не было і цяпер няма. Ёсьць негалосны закон — у прыватніка ня браць. Я сам з гэтым неаднаразова сутыкаўся, бо ў мяне ёсьць знаёмыя ўладальнікі базаў, крамаў, якія пацьвярджалі — існуе няпісанае правіла: у фэрмэра, у прыватніка ня браць. А будуць браць — атрымаюць праблемы. У першую чаргу абавязаныя браць у калгасаў, таму што калгасы, па-першае, павінны плаціць заработную плату, а па-другое — аддаваць крэдыты, якія бралі ў дзяржавы. Таму ў прыватніка намагаюцца калі і браць, то ў апошнюю чаргу".

У Расеі да 16 жніўня сабрана 39,5 мільёнаў тон збожжа, што амаль на 12 мільёнаў тон меней у параўнаньні з такім жа пэрыядам мінулага года. Аднак нават Лукашэнка да канца ня верыць, што ў Расеі насамрэч можа скласьціся крытычная сытуацыя: "Ня думаю, што сёньня ў Расеі не хапае збожжа, каб накарміць народ", — сказаў кіраўнік краіны падчас паездкі па Меншчыне. — "Яго дастаткова. Нават ня думаю, што ў Расеі будзе не хапаць фуражнага зерня. Таму, мне здаецца, расейскі ўрад усё ж прачыніць заслону, каб прадаваць збожжа".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG