Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як Лукашэнка разумее незалежнасьць


Аляксандар Лукашэнка з сынам Колем на сьвяткаваньні 3 ліпеня.
Аляксандар Лукашэнка з сынам Колем на сьвяткаваньні 3 ліпеня.

2 ліпеня, выступаючы на ўрачыстым сходзе, прысьвечаным афіцыйнаму Дню незалежнасьці, Аляксандар Лукашэнка выступіў з шэрагам прынцыповых заяваў.

Ці ўдаецца беларускаму кіраўніку і афіцыйнай прапагандзе адначасова спалучаць тэзісы незалежнасьці й інтэграцыі? Ці можна сказаць, што Лукашэнка ўжо не жадае зьвязваць цяперашні дзяржаўны праект толькі з савецкай спадчынай? Як сучасная ідэалёгія тлумачыць фактычную ізаляцыю Беларусі ў сьвеце? На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы «Экспэртыза Свабоды» адказваюць гісторык, рэдактар газэты «Новы час» Аляксей Кароль і рэдактар газэты «Наша ніва» Андрэй Дынько.

«На сёньня Беларусь — правінцыя Расеі пры захаваньні фармальнай незалежнасьці»


Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў
Цыганкоў: Бадай, найбольш істотныя рэчы былі сказаныя пра тое, як Лукашэнка разумее незалежнасьць і інтэграцыю. Кіраўнік Беларусі даволі шмат разважаў пра прыроду беларускай незалежнасьці, заявіўшы, што гэта «незалежнасьці новага тыпу, якая імкнецца не да ізаляцыі, а да інтэграцыі, адкрытасьці».

Такім чынам, інтэграцыю з Расеяй Лукашэнка называе незалежнасьцю новага тыпу. Наколькі ўдала ідэолягам рэжыму і самому Лукашэнку ўдаецца спалучаць гэтыя два асноўныя тэзісы сучаснай прапаганды — незалежнасьць і інтэграцыю?

Аляксей Кароль
Аляксей Кароль
Кароль: Па сутнасьці, тэзы Лукашэнкі — гэта старая песьня пра тое, што беларуская мадэль самая эфэктыўная і лепшая. На самой справе інтэграцыя магчымая толькі тады, калі інтэгруюцца незалежныя краіны. Тады яна выглядае натуральнай і карыснай, хаця таксама не пазбаўленая крызісаў.

Тое, што называе Лукашэнка «незалежнасьцю новага тыпу» — гэта фармальны дзяржаўны сувэрэнітэт пры поўнай фактычнай васальнай залежнасьці ад Расеі. І па-сутнасьці Лукашэнка апраўдвае і займаецца самагіпнозам, што гэта ёсьць сапраўдная незалежнасьць і ён ня трапіць у палон да сюзэрэна. На сёньняшні дзень мы маем наступнае — правінцыя Расеі пры захаваньні фармальнай незалежнасьці.

«Вельмі блізкі шлях быў абраны Прыднястроўем ці Паўднёвай Асэтыяй»


Цыганкоў: Ці ўдаецца Лукашэнку пераканаць сябе і беларускі народ у тым, што яму ўдаецца спалучаць два тэзісы — «незалежнасьць» і «інтэграцыю»?

Андрэй Дынько
Андрэй Дынько
Дынько: Вельмі шмат было самарэклямы. Гаварылася пра посьпехі, пра тое, як кепска ва ўсіх астатніх, і пра тое, які ўнікальны шлях быў абраны Беларусьсю. Вядома, Лукашэнка не казаў, што вельмі блізкі шлях быў абраны Прыднястроўем ці Паўднёвай Асэтыяй. Посьпехі падобнага «дзяржаўнага будаўніцтва» вельмі сумнеўныя, і толькі даўжэйшы час пакажа, ці апраўданая такая дзяржаўная мадэль.

Цыганкоў: Лукашэнка зноў працягнуў сваю завочную дыскусію са сваімі палітычнымі апанэнтамі, зноў зьвяртаючыся да 90-х гадоў. «У тыя гады прапаноўвалася стварыць вузканацыянальную дзяржаву, замкнёную ў сваіх межах, з дамінаваньнем так званай «карэннай, тытульнай нацыі». «Дзяржава, якая ўзводзіць бар’еры і сьвядома абрынае саму сябе да узроўню правінцыйнай глухмені. Вось, уласна, і усё, што прапаноўвалася», — заўважыў Лукашэнка. Цікавы паварот у ідэалягічнай дыскусіі. Раней свой праект дзяржаўнасьці Лукашэнка зьвязваў зь мінулым, з савецкай спадчынай, цяпер ён хоча свой праект прадставіць больш сучасным і мадэрновым, чым у ягоных апанэнтаў. Як вы ацэніце такую спробу?

«Пабудаваная мадэль, пры якой права на кантактаваньне з вонкавым сьветам мае невялікая частка грамадзтва»


Дынько: Гучала гэта вельмі слаба. Ёсьць аб’ектыўная статыстыка, якая паказвае ступень адкрытасьці таго ці іншага грамадзтва для сьвету і ступень ізаляцыі.

Калі браць эканоміку — так, беларуская эканоміка, як эканоміка малой краіны, арыентаваная на экспарт. І ў гэтым сэнсе яна мала адрозьніваецца ад эканомікі Літвы ці Чэхіі. У гэтым сэнсе Польшча як большая краіна мае большы ўнутраны рынак, і таму ня так арыентаваная на экспарт.

Але калі браць іншыя сфэры. Паглядзіце на веданьне замежных моваў. Калі сярэдні жыхар цэнтральнаэўрапейскіх краінаў выходзіць са школы, ведаючы замежныя мовы, то які працэнт беларусаў сапраўды ведае замежныя мовы? За час кіраваньня Лукашэнкі было радыкальна скарочана ўжываньне беларускай мовы, на сёньня толькі невялікая частка грамадзтва валодае нацыянальнай мовай. Гэта адбітак таго, што ў краіне пануе агрэсіўная расейская нацыяналістычная ідэалёгія, якой нададзены пэўны мясцовы калярыт.
У краіне пануе агрэсіўная расейская нацыяналістычная ідэалёгія, якой нададзены пэўны мясцовы калярыт.

Паглядзіце на менскі аэрапорт. Колькі міжнародных рэйсаў ажыцьцяўляецца штодзень? Нашмат меней, чым зь Вільні, якая ў чатыры разы меншая за Менск.

Тое, што адбылося ў Беларусі — гэта, наадварот, самаізаляцыя краіны. Пабудаваная такая мадэль, пры якой права на кантактаваньне з вонкавым сьветам мае невялікая частка грамадзтва. Віталь Сіліцкі параўноўваў гэта з кітайскай мадэльлю, дзе ёсьць асобныя зоны эканомікі, інтэграваныя ў сусьветную, у той час як астатняе застаецца вельмі кантраляваным дзяржавай і зачыненым.

Цыганкоў: Як вы ацэніце спробы Лукашэнкі прадставіць свой дзяржаўны праект больш сучасным і мадэрновым, чым у ягоных апанэнтаў?

Кароль: Рыторыка Лукашэнкі ня вельмі прынцыпова адышла ад папярэдняй, збудаванай на савецкай настальгіі. Проста ў той час ён імкнуўся заняць крамлёўскае крэсла, але з гэтай марай давялося разьвітацца. На гэтым пастаўлены крыж — і ня ім самім.

Што тычыцца «сучаснасьці» існай мадэлі... Яркай ілюстрацыяй будзе той факт, што цэлае МЗС па сутнасьці знаходзіцца ў адносінах толькі з краінамі такога ж дыктатарскага тыпу. Пра Лукашэнку ўзгадваюць, толькі калі патрабуюць вызваленьня палітвязьняў.

Краіна-ізгой, і яе кіраўніцтва ізаляванае ў міжнародных адносінах. Гэта і ёсьць рэальнай мадэльлю Беларусі. Усё гэта доказ самаўнушэньня, пабудаванага не на рэальных фактах, а на сваім уяўленьні пра гэтую рэальнасьць.

«Яго там сапраўдны не чакаюць»


Цыганкоў: Сваё нежаданьне інтэгравацца з Эўропай Лукашэнка патлумачыў такім чынам: «Многія былыя савецкія рэспублікі парвалі сувязі з Расіяй, адзін з адным і стукаліся хто ў эўрапейскія, хто ў амэрыканскія дзьверы, разьлічваючы на цёплы і шчодры прыём. Прайшло шмат гадоў, перш чым яны зразумелі — далей пярэдняга пакою ўсё роўна ня пусьцяць», — заявіў Лукашэнка. Наколькі пераканаўча гучыць гэты тэзіс на фоне таго, што некаторыя былыя савецкія рэспублікі ўжо ўступілі ў Эўразьвяз, сталі яго паўнапраўнымі сябрамі? Наколькі цяпер у беларускага насельніцтва знаходзіць водгук ідэя, што «нас там не чакаюць»? Ці ёсьць тут глеба для прапаганды, каб эксплюатаваць гэтую ідэю?

Дынько: Лукашэнка любіць падмяняць займеньнік «я» займеньнікам «мы». Калі ён кажа, што «нас там не чакаюць», то можна толькі пагадзіцца — яго там сапраўдны не чакаюць. Балтыйскія краіны, былыя савецкія рэспублікі, якія ўжо ўвайшлі ў Эўразьвяз, зьмянілі сваю сыстэму, няхай і з рознымі посьпехамі.

Увогуле, у гэтых гістарычных спрэчках пра выбар палітычнай мадэлі не заўжды можна даць ясны адказ. Але калі глядзець з гістарычнай пэрспэктывы, то адказы заўсёды пэўныя. Вось Фінляндыя і Беларусь, краіны, якія былі часткай расейскай імпэрыі цягам прыблізна аднолькавага часу. І Фінляндыя стала незалежнай дзяржавай амаль сто гадоў таму, Беларусі тады гэта не ўдалося. І дзе цяпер Беларусь, і дзе цяпер Фінляндыя.

«Сучасная мадэль Беларусі — гэта мадэль адставаньня»


Цыганкоў: Ці стала прамова Лукашэнкі нейкай тэарэтычнай, ідэйнай падставай для сёньняшняй мадэлі беларускай дзяржаўнасьці? Ці яна накіраваная проста на тое, каб апраўдаць сёньняшнія рэаліі, даказаць, што інтэграцыя з Расеяй і ізаляцыя ад усяго сьвету — гэта правільна?

Кароль: Як напачатку свайго шляху ва ўладзе, так і сёньня ўся рыторыка Лукашэнкі пабудаваная на вельмі практычнай ідэі — незалежнасьць Беларусі як вотчына ягонага кіраваньня. Калі б была магчымасьць трапіць на крамлёўскі пасад, Беларусь даўно б была інкарпаравана ў склад Расеі. Сёньня Лукашэнку інкарпарацыя непажаданая.
Калі б была магчымасьць трапіць на крамлёўскі пасад, Беларусь даўно б была інкарпаравана ў склад Расеі.

У апраўданьні сёньняшняй мадэлі пераважае пасыл «гэта зроблена пры мне», таму мяне мяняць ня трэба. І астатнія словы — «я ня вечны», «мае дзеці наеліся прэзыдэнцтва» — гэта спроба заспакоіць тых (а гэта, відаць, ужо большасьць насельніцтва), хто пачынае разумець, што сучасная мадэль Беларусі — гэта мадэль адставаньня. І таму моладзь «галасуе нагамі», пэнсіянэры выжываюць на мізэрныя пэнсіі. Вось гэта і ёсьць сапраўдная мадэль сучаснай Беларусі, адбудаваная яе галоўным архітэктарам.

Дынько: У сваім выступе Лукашэнка заявіў, што незалежнасьць — не самамэта, а толькі сродак для дасягненьня дабрабыту. Гэта пазыцыя Лукашэнкі самым карэнным чынам разыходзіцца з пазыцыяй майго пакаленьня. Для нас незалежнасьць нацыі — гэта абсалютная каштоўнасьць. Яе нельга ставіць ў залежнасьць ад нейкіх дачасных, бягучых крытэраў.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG