Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці вядзе да перамогі галасаваньне супраць абодвух варыянтаў на рэфэрэндуме? Абмеркаваньне экспэртаў


Наколькі слушная прапанова шэрагу палітычных і грамадзкіх арганізацыяў — ісьці на канстытуцыйны рэфэрэндум і выкрэсьліваць абодва варыянты адказу? Ці можа яна мець плён і які? Чаму не прадугледжаны мэханізм вэрыфікацыі народнага волевыяўленьня, падліку колькасьці тых, хто прыслухаецца да закліку дэмакратычных лідэраў? Як грамадзкая думка ўспрымае гэтую прапанову?

Гэтыя пытаньні абмяркоўваюць палітычныя аглядальнікі Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч і Віталь Цыганкоў.

Карбалевіч

  • Палітычны рэжым чыніць маштабны тэрор, ён стаў больш жорсткі, чым раней. І тое, якую тактыку возьмуць на ўзбраеньне апазыцыйныя сілы, мала на што ўплывае.
  • Сытуацыя ў пэўным сэнсе вярнулася ў стан, у якім была да 2020 году.
Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч
  • Апазыцыя тады ўжывала розную тактыку, то аб’ядноўвалася, то разьядноўвалася, у 2006 годзе быў адзіны кандыдат ад дэмакратычных сілаў на прэзыдэнцкія выбары, у 2010 годзе іх было 9. Былі спробы байкоту.
  • Ніякі з гэтых варыянтаў не даваў сурʼёзнага плёну і сутнасна не мяняў сытуацыю ў краіне.
  • Наўрад ці можна перашкодзіць Лукашэнку рэалізаваць ягоны плян на рэфэрэндуме, які, дарэчы, дагэтуль невядомы да канца.
  • У цяперашняй сытуацыі прапанова, якую вылучылі лідэры апазыцыі, можа і не аптымальная, але цяжка прыдумаць нешта іншае.
  • Байкатаваць сапраўды ня варта, гэта дэмабілізацыйны сцэнар.
  • А заклікаць людзей учыняць нешта на выбарчым участку — забраць бюлетэнь, дэманстратыўна парваць яго — гэта ставіць іх пад пагрозу мінімум 15 содняў арышту.
  • Хоць застаецца пытаньне: як даведацца, колькі людзей прагаласуе прапанаваным чынам.
  • На мінулых выбарах фіранак у кабінках не было. Выбаршчык быў вымушаны фатаграфаваць свой бюлетэнь на вачах у публікі, у выбарчай камісіі.
  • Але ў 2020 годзе быў масавы грамадзкі ўздым, і тады гэтая адкрытасьць хутчэй псыхалягічна ўплывала на чальцоў выбарчых камісіяў, якія бачылі, як шмат людзей фатаграфуе бюлетэні.
  • Пасьля выбараў 2020 году даволі хутка зьявілася інфармацыя, што на 200 участках Ціханоўская перамагла паводле афіцыйных пратаколаў галасаваньня.
  • Дадзеныя «Голасу» зьявіліся пазьней, і наўрад ці яны моцна ўплывалі на рашэньне людзей пратэставаць.
  • Там хутчэй уплывала агульная атмасфэра, якая не фіксуецца сацыялягічнымі дасьледаваньнямі.
  • Калі я хадзіў тады галасаваць, вакол мяне было шмат людзей зь белымі стужкамі. Было агульнае адчуваньне, што праціўнікі Лукашэнкі — у большасьці.
  • Цяпер такой атмасфэры няма, нават калі і ёсьць, то яна не выліваецца ў публічную прастору, яна прыдушаная.
  • Падчас усіх папярэдніх электаральных кампаніяў Лукашэнка быў зацікаўлены ў высокай яўцы, якая легітымізавала вынік. Цяпер яго гэта ўжо не цікавіць.
  • Мне гледачы нашых гутарак пісалі ў камэнтарах, што я не аптыміст. Галоўная крытыка будзе наконт таго, што няма мэханізму, які абрыне рэжым.
  • Важна, каб было адзінства, адзіная тактыка. Правільную тактыку ці няправільную абралі — важна, каб яна была падтрыманая большасьцю дэмакратычных сілаў і дэмакратычнага электарату, як гэта было ў 2020 годзе.

Цыганкоў

  • Цяпер зусім іншы стан грамадзтва, чым напярэдадні леташніх выбараў. Улады паказалі, што гатовыя караць людзей за любыя, у тым ліку і законныя, дзеяньні.
  • Гэты рэфэрэндум — ня той выпадак, калі варта заклікаць людзей рызыкаваць нечым.
Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў
  • Тым 60–70%, якія ставяцца кепска да Лукашэнкі, ня трэба даказваць, які будзе гэты рэфэрэндум, ня трэба даводзіць, што яго вынікі будуць сфальшаваныя.
  • Летась людзі выйшлі пасьля таго, як было абвешчана, што за Лукашэнку 80%. Калі б тады абвясьцілі, што за яго 51%, магчыма, такіх масавых пратэстаў і не было б.
  • Настрой падчас рэфэрэндуму будзе вызначацца высокім узроўнем рэпрэсіяў.
  • Летась была вера, што людзі сваімі дзеяньнямі могуць нешта зьмяніць.
  • Людзям не зусім зразумела, што можа зьмяніць гэты рэфэрэндум, супраць чаго, уласна, трэба пратэставаць. Гэта як у анэкдоце пра варону і лісіцу. Лісіца пытаецца, як варона будзе галасаваць. Што б тая ні адказала, сыр падае і дастаецца лісе.
  • Тым, хто заклікае да байкоту, хочацца задаць пытаньне: вам шашачкі ці ехаць? Прыхільнікі байкоту кажуць: людзі ня прыйдуць, і ўсе гэта ўбачаць.
  • Быў яскравы прыклад — парлямэнцкія выбары 2019 году. Тады выбарчыя ўчасткі былі відавочна пустыя. І нічым уладам байкот не перашкаджае, яны ўсё роўна намалююць тыя лічбы, якія ім патрэбныя.
  • Значная частка публікі ўспрыняла з разуменьнем прапанову ісьці на рэфэрэндум і галасаваць супраць абодвух варыянтаў. Гэта ня шлях да цуду, але цяжка прыдумаць нешта адназначна лепшае.

Што было раней

  • На мінулым тыдні дэмакратычныя сілы апублікавалі плян на дзень галасаваньня наконт новай Канстытуцыі.
  • Яны заклікаюць далучыцца да стратэгіі дзеяньняў, якую распрацавалі грамадзянскія ініцыятывы «Сумленныя людзі», Zubr, плятформа «Голас» пры ўдзеле Офіса Сьвятланы Ціханоўскай, Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва і Каардынацыйнай рады.
  • «„Рэфэрэндум“ заплянаваны на пачатак 2022 году. Гэтае мерапрыемства — злачынства і падман, якое мы, беларусы, ператворым у „вотум недаверу“ рэжыму. „Сумленныя людзі“, Zubr, „Голас“ заклікаюць прыходзіць на ўчасткі і рабіць бюлетэнь несапраўдным. Гэтае дзеяньне азначае, што мы ня згодныя з рэжымам і выступаем за ўсталяваньне законнасьці і стварэньне ўмоў для правядзеньня сумленных выбараў», — гаворыцца ў апублікаваным сёньня звароце.
  • Для таго каб зрабіць бюлетэнь несапраўдным, ініцыятары звароту прапануюць тры пункты:
    • У дзень галасаваньня прыйсьці на выбарчыя ўчасткі.
    • Паставіць крыжыкі насупраць усіх прапанаваных у бюлетэні варыянтаў.
    • Апусьціць бюлетэнь у скрыню для галасаваньня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG