Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Куды Лукашэнка паслаў беларусаў? Дыскусія экспэртаў


Выступ Аляксандра Лукашэнкі са штогадовым пасланьнем, Менск, 28 студзеня 2022 г.
Выступ Аляксандра Лукашэнкі са штогадовым пасланьнем, Менск, 28 студзеня 2022 г.

Ці патлумачыў Аляксандар Лукашэнка ў сваім штогадовым пасланьні патрэбу ў новай Канстытуцыі? Якім курсам ён зьбіраецца весьці Беларусь у будучыню? Ці можа ён абараніць незалежнасьць краіны?

Гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium абмяркоўваюць палітычны аналітык Аляксандар Класкоўскі і палітычны аглядальнік Радыё Свабода Віталь Цыганкоў.

Класкоўскі

  • Як заўжды, прамова Лукашэнкі была поўная супярэчнасьцяў. Напачатку ён шмат казаў пра народнае адзінства, але раз-пораз вяртаўся да тэмы «ворагаў», «беглых», «пятай калёны». Дэ-факта ён прызнаваў раскол грамадзтва. Сваё бачаньне пераадоленьня гэтага расколу ён сфармуляваў афарыстычна — кайцеся, паўзіце на каленях.
  • Каб прынізіць сваіх апанэнтаў, ён заявіў, што іх справы будзе разглядаць грамадзкая камісія на чале з генэральным пракурорам і вядомым прапагандыстам Рыгорам Азаронкам.
Аляксандар Класкоўскі
Аляксандар Класкоўскі
  • Лукашэнка заявіў, што будзе прыняты закон аб грамадзянскай супольнасьці. Гэта сьмешна, для Лукашэнкі грамадзянская супольнасьць — гэта ня тое, што прарастае зьнізу, а тое, што фармуе ўлада.
  • «Трэці сэктар» выпалены. Трэба стварыць іншы, свой. БРСМ і «Белай Русі» ўжо малавата. Напэўна, на гэтым выпаленым полі будуць спрабаваць стварыць псэўдаграмадзянскую супольнасьць.
  • Прыклад — праўладная праваабарончая арганізацыя, у якую пайшоў працаваць Раман Пратасевіч, захоплены летась пры пасадцы самалёта Ryanair.
  • Стварэньне такіх арганізацыяў — дзеля наладжваньня адносінаў з Захадам. Лукашэнка сказаў, што іх наладжваць варта, нібыта Захад ужо просіць аб гэтым, але просіць пры гэтым даць яму, Захаду, магчымасьць захаваць твар.
  • Аўдыторыя, перад якой агучвалася пасланьне, была правобразам будучага Ўсебеларускага народнага сходу (УНС). Мы ня ведаем, хто абіраў гэтых людзей.
  • Вельмі красамоўныя агаворкі Лукашэнкі — палякі забілі сотні тысячаў мігрантаў, нацысты забілі тры мільярды беларусаў. Ён наагул майстра гіпэрбалізацыі. І гэта ва ўсім. Нават у тым, што сказаў, што другі раз прэзыдэнтам не абераце такога бязвусага, якім ён быў у 1994 годзе. Хоць ён тады быў якраз з вусамі.
  • На працягу ўсёй прамовы ствараўся вобраз «крэпасьці ў аблозе». І палякі ўжо квапяцца нават ня толькі на «Крэсы», а на ўсю Беларусь, і літоўцы ладзяць эканамічную, а потым і гарачую вайну, і ўкраінцы аказаліся ўжо зусім не сябрамі.
  • Тры пытаньні Лукашэнкі даволі нягеглыя. Па сутнасьці, ён канстатаваў, што беларусам давядзецца жыць горай. Асабліва дзіўнае апошняе пытаньне — «Ці гатовыя вы быць ініцыятыўнымі і працаваць на сябе?». Дык стварыце ўмовы для гэтага! Гэта кепска стасуецца з намерам ціснуць на самых ініцыятыўных людзей — на ІТ-шнікаў і прадпрымальнікаў.
  • Безумоўна, Лукашэнка адчувае небясьпеку інтэграцыі з Расеяй, бо гэта найперш небясьпека ягонай уладзе. Таму ён і круціцца, як вуж на патэльні. Тэму незалежнасьці Лукашэнка, ці яго «шпіцрайтэры», некалькі разоў прыгадваў на працягу прамовы.

Цыганкоў

  • Лукашэнка паведаміў, што ісьці на выбары 2020 году яго ўгаварыла Натальля Качанава. І ён задаў пытаньне залі — а што было б з краінай, калі б я не пайшоў на выбары тады?
  • Кажучы пры будучыню, ён патлумачыў — калі ўсё будзе нармальна і спакойна, то, канечне, пайду адпачываць, пакіну краіну ў надзейныя рукі. Але калі будзе неспакойна — то вазьму кулямёт і ў першыя шэрагі.
Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў
  • Але вакол Беларусі заўсёды ж неспакойна. Заўсёды паўсюль ворагі, зьнешнія і ўнутраныя, NATO яўна не жадае распускацца, суседзі зубы точаць. Так што пакуль не наступіць самай-самай канчатковай стабільнасьці — то прыйдзецца дзеля народцу яшчэ памучыцца, пакіраваць ім, неразумным.
  • Лукашэнка казаў, што ІТ-шнікі з ПВТ выходзілі на пратэсты, таму што ім гэта загадалі іх забугорныя гаспадары. У першыя дні пратэстаў у сілавікоў было шчырае ўяўленьне, што ўсім пратэстоўцам плацілі грошы.
  • Душа не ляжала ў Лукашэнкі адпачатку да гэтых ІТ-шнікаў. А зараз прарвалася, што ён ніколі ім не давяраў. Гледзячы па ўсім, і ў гэтай сфэры будзе «імпартазамяшчэньне», «няправільных» ІТ-шнікаў будуць замяняць на «правільных». Гэта прывядзе да далейшага адтоку ІТ-спэцыялістаў.
  • З ІП у Лукашэнкі клясавая непрыязь. Ён неўзабаве пасьля прыходу да ўлады казаў, што хоча паціснуць руку апошняму беларускаму прадпрымальніку.
  • Рыторыка Лукашэнкі наконт пэрспэктывы вайны гучала даволі стрымана. Лукашэнку зараз выгаднае абвастрэньне адносінаў Расеі і Захаду, на фоне гэтага абвастрэньня ён адчувае, што патрэбны Расеі, што яна цяпер ня надта будзе ціснуць на яго сваімі інтэграцыйнымі прапановамі. Але вайна яму, безумоўна, непатрэбная. Аднак ён ня зможа супрацьстаяць Расеі, калі тая захоча наносіць удары па Ўкраіне з тэрыторыі Беларусі. Але мяркую, што пакуль ён можа адмовіцца ад удзелу ў збройным канфлікце ўласна беларускага войска. Напружанасьць яму выгадная, вайна — не.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG