Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка як агрэсар і як міратворац. Дыскусія экспэртаў


Ці праўдзівыя сёньняшнія заявы Лукашэнкі наконт няўдзелу беларускага войска ў нападзе на Ўкраіну? Ці важна тое, што ён не заявіў пра прызнаньне «ЛДНР»? Ці вяртае ён сябе ролю міратворцы?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказваюць палітычны аналітык Вадзім Мажэйка і палітычны аглядальнік Радыё Свабода Віталь Цыганкоў.

Мажэйка

Вадзім Мажэйка
Вадзім Мажэйка
  • Пакуль няма пацьверджаньня інфармацыі, што на Чарнігаўшчыне зьявіліся беларускія войскі.
  • Я не лічу важнымі заявы Лукашэнкі пра тое, што беларускіх войскаў ва Ўкраіне няма. У інтэрвію Гардону Лукашэнка казаў, што з тэрыторыі Беларусі ва Ўкраіну ніколі не паляцяць ракеты. Ракеты туды ляцяць, гэта прызнаў і Лукашэнка.
  • Лукашэнка хлусіць, і не ад добрага жыцьця. Зараз ён ня здольны цалкам кантраляваць вайсковую сытуацыю ў Беларусі. Ён вельмі не хацеў адпраўляць войскі ва Ўкраіну. Яму больш даспадобы роля міратворцы, ён ведае, што з гэтага можна атрымліваць палітычныя бэнэфіты, як гэта было пасьля 2015 году.
  • Але ён уцягнуты ў гэтую вайну, Беларусь уцягнутая ў яе, і ён ня здольны супраціўляцца Пуціну. Яго галоўны мэсыдж Украіне — вы мусіце капітуляваць перад Пуціным, як гэта зрабіў я, і тады ў вас ня будзе вайны.
  • Калі б беларускія войскі ўвайшлі ўва Ўкраіну, любыя перамовы на беларускай зямлі былі б выключаныя.
  • Месца перамоваў важнае для краіны, якая іх прымае. Але для ўдзельнікаў — не. Калі б перамовы былі ў Азэрбайджане, Турэччыне, Вугоршчыне ці Ізраілі, на зьмест перамоваў гэта б ніяк не ўплывала. Кожны з бакоў ехаў на гэтыя перамовы, лічачы сябе часовым пераможцам і мяркуючы, што час і стратэгічная перавага на яго баку.
  • Добра, што Беларусь пакуль не прызнала «ЛДНР». Лукашэнка 24 лютага казаў, што Беларусь гатовая прызнаць самаабвешчаныя «рэспублікі», калі гэта будзе патрэбна Расеі. Лукашэнка можа прызнаць у кожны момант. Гэта як навіна, што сёньня нікога не катавалі на Акрэсьціна. Гэта добра, але гэта ня значыць, што заўтра катаваць ня будуць.
  • Расейцы на захопленых тэрыторыях Украіны спрабуюць паводзіць сябе гэтак жа, як паводзілі сябе «ветлівыя людзі» у Крыме. Мы бачылі кадры, як у захопленых украінскіх гарадах людзі лаюцца на расейскіх салдатаў, а тыя не спрабуюць гэтаму перашкодзіць. Расея зыходзіць з таго, што ў будучыні гэтым насельніцтвам давядзецца кіраваць.
  • Складанае пытаньне — колькі яшчэ сувэрэнітэту засталося ў Беларусі ці яго ўжо наагул няма. Пакуль яшчэ некаторыя рашэньні прымаюцца беларускай уладай, хай і нелегітымнай. Але колькасьць гэтых рашэньняў усё больш зьмяншаецца.
  • Пакуль над беларускімі гарадамі не лунае расейскі трыкалёр, пакуль за Беларусьсю застаецца месца ў ААН — напэўна, нейкая рэшта сувэрэнітэту застаецца.

Цыганкоў

Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў
  • Лукашэнка спрабуе давесьці Крамлю, што патрэбны яму як кіраўнік незалежнай дзяржавы. Калі Беларусь будзе выглядаць як акупаваная краіна, у нас ніхто ня будзе весьці перамовы. А пакуль пазыцыя, паводзіны Менску адрозьніваюцца ад паводзінаў Масквы, украінцы могуць пагаджацца на перамовы на беларускай зямлі.
  • Лукашэнка ў першы дзень вайны тлумачыў, што міністру абароны Ўкраіны трэба было толькі пазваніць расейскаму міністру, саступіць — і не было б вайны.
  • Адзін з дарадцаў Зяленскага Аляксей Арастовіч патлумачыў учора ў эфіры «Белсату», чаму Ўкраіна пагадзілася на перамовы ў Беларусі. Па-першае, таму што гэта блізка, па-другое, паводле яго, кіраўніцтва Ўкраіны пакуль адрозьнівае пазыцыю Лукашэнкі ад пазыцыі Крамля.
  • Можа насамрэч яны і не адрозьніваюць, але яны так заяўляюць, каб Лукашэнка не паслаў беларускія войскі ваяваць. Тут інтарэсы Лукашэнкі супалі з сытуацыяй, у якую трапіў Кіеў. Кіеў вымушаны ісьці на перамовы, а тут Лукашэнка са сваімі прапановамі.
  • Для Крамля важна, каб Беларусь была Расеяй у сутнасьці, фактычна. Ці будзе Беларусь пры гэтым мець свой сьцяг і так званага «прэзыдэнта», ім ня так і важна.

Напад Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG