Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калі Лукашэнка аддасьць пасаду старшыні УНС камусьці іншаму — то палітычны крызіс у будучыні непазьбежны», — Вадзім Мажэйка


Ілюстрацыйнае фота. Аляксандар Лукашэнка выступае падчас пятага Belarus - All Belarusian People's Assembly, Minsk, 22jun2016
Ілюстрацыйнае фота. Аляксандар Лукашэнка выступае падчас пятага Belarus - All Belarusian People's Assembly, Minsk, 22jun2016

Палітоляг, рэдактар «Беларускага штогодніку» Вадзім Мажэйка дае ўласны адказ на пытаньне, ці будзе Лукашэнка сумяшчаць дзьве галоўныя ўладныя пасады; заяўляе, што УНС можа стаць вырашальнай структурай у момант палітычнага крызісу; і адзначае, што ніякіх прыкметаў спыненьня палітычных рэпрэсіяў у Беларусі пакуль няма.

Сьцісла:

  • Для Лукашэнкі выглядае небясьпечным варыянтам перайсьці на пасаду старшыні УНС і кагосьці іншага дапусьціць на прэзыдэнцкую пасаду (нават калі гэта будзе 100-працэнтна ляяльная фігура).
  • Як толькі зьявіцца нейкі іншы чалавек на адной з гэтых дзьвюх важных пасадаў, — адразу для ўсіх гульцоў ён стане патэнцыйным пераемнікам.
  • Нават у добрым сцэнары «рыцарам на белых конях» давядзецца працаваць разам з дэлегатамі УНС.
  • Пакуль не выглядае, што ўсё для Лукашэнкі так кепска, што ён вымушаны сыходзіць на «варыянт Б», на запасны аэрадром.
  • — Абвешчана, што першае пасяджэньне Ўсебеларускага народнага сходу (УНС), які пасьля ўнесеных у Канстытуцыю зьменаў мае новыя паўнамоцтвы, адбудзецца 24–25 красавіка. Ці можна дастаткова ўпэўнена прагназаваць, што Аляксандар Лукашэнка вырашыць сам стаць старшынём УНС? І як зьменіцца роля гэтай структуры?

— Дагэтуль УНС быў дастаткова аморфным, неакрэсьленым псэўдаінстытутам. Зь іншага боку, быў ціск абставінаў, ціск 2020 году, калі пачаліся размовы пра транзыт улады. І ўлада вымушаная была даваць нейкі адказ на запыт грамадзтва.

Вядома, гэты адказ атрымаўся вельмі далёкі ад рэальных чаканьняў грамадзтва, бо гэта мае мала агульнага з дэмакратыяй. Гэта не адпавядае і чаканьням Масквы, бо ніяк не павялічвае расейскі ўплыў. І сумняюся, што надта задавальняе чаканьні беларускага чынавенства, бо нечым падобным да «калектыўнага Лукашэнкі» будзе ня ўвесь УНС, а толькі ягоны Прэзыдыюм.

Вадзім Мажэйка
Вадзім Мажэйка

Калі нейкі калектыўны орган ня мае пэўнай унутранай структуры — партыі, фракцыі, нейкіх камісіяў — то гэта надта вялікая група людзей, якая ня можа эфэктыўна працаваць і прымаць рашэньні. Вядома, улада будзе ў Прэзыдыюму, і я мяркую, што Лукашэнка гэты Прэзыдыюм узначаліць. Проста сам распрацаваны дызайн гэтага Сходу такі, што калі старшынём УНС і прэзыдэнтам краіны будуць розныя фігуры — то гэта заплянаваны палітычны крызіс. Ня думаю, што Лукашэнка захоча ствараць сам сабе такую пастку.

— Якія паўнамоцтвы УНС пашыраныя паводле Канстытуцыі, прынятай у 2022 годзе? Ці можна казаць, што УНС цяпер зусім ня той дэкаратыўны орган, які існаваў з 1996 году?

— Сапраўды, кожныя 5 гадоў праводзіліся мерапрыемствы пад назвай «Усебеларускі народны сход», але гэта нідзе не было прапісана ў заканадаўстве. Фармальна кажучы, гэта была проста сустрэча нейкіх людзей, якія ў Палацы Рэспублікі паразмаўлялі, за нешта прагаласавалі і разышліся.

Паводле новага свайго статусу УНС ператвараецца ў орган, які ўжо параўноўваюць з Пленумамі ЦК КПСС. Я б сказаў, што гэта такі «сьпячы» орган.

Відавочна, што тыя, каго туды зараз прызначаць, будуць аднагалосна падымаць рукі на прапанаваныя начальствам рашэньні. Аднак паводле новай Канстытуцыі і законаў УНС надаюцца вялізныя паўнамоцтвы. Адно з самых важных — магчымасьць прызнаваць (ці не прызнаваць) вынікі прэзыдэнцкіх выбараў: фактычна паўнамоцтвы ў пэўнай ступені над усімі галінамі ўлады. Гэта такая надбудова па-над усім.

Вядома, тут няма ніякай дэмакратычнасьці. Але сама ідэя, што рашэньні будуць прымацца калегіяльна, нейкай групай людзей, якая юрыдычна, фармальна мае законныя паўнамоцтвы — у гэтым сэнсе гэта лепш, чым як цяпер, калі рашэньні прымае «атачэньне Лукашэнкі».

У Савецкім Саюзе быў Вярхоўны Савет, які фармальна меў усе паўнамоцтвы — але на гэта ніхто не зьвяртаў увагі, бо фактычна ўсім кіравала партыя, КПСС. Але калі пачалася перабудова, то на больш-менш свабодных выбарах пачалі абіраць менавіта дэпутатаў Вярхоўнага Савету. Гэты прыклад тых самых «сьпячых» структураў, якія могуць стрэліць пры нейкім палітычным крызісе.

— Але гэты Сход нікім не выбіраецца, ён прызначаецца начальствам. Як гэтыя людзі могуць «стрэліць» у пэўнай сытуацыі, калі ў іх нават думкі пра нейкую самастойнасьць няма?

— Вядома, ніякай дэмакратыі і волі народу тут і блізка няма. Але важна, што ў нейкіх крызісных сытуацыях (напрыклад, пасьля сьмерці кіраўніка) рашэньні ў аўтакратыях прымаюцца нейкай групай, як сталінскім Палітбюро пасьля сьмерці Сталіна. Менавіта яны ўплывалі на далейшую савецкую гісторыю, яны вырашылі, напрыклад, спыніць рэпрэсіі.

Важна, што ў нейкага калегіяльнага органа будзе фармалізаваная ўлада. Гэта ня значыць, што ён будзе добры, дэмакратычны. Тое, што адбываецца цяпер, вядома, ня мае нічога агульнага з тым, чаго жадала беларускае грамадзтва. Але гэта важна, бо УНС і ягоны Прэзыдыюм — гэта той орган, які падчас будучых палітычных трансфармацыяў у Беларусі так ці іначай можа выканаць важную ролю.

Як будуць складацца працэдуры яго фармаваньня, хто туды трапіць — усё гэта можа аказацца вельмі важным. Вядома, хацелася б верыць, што беларускую будучыню будуць вызначаць толькі сьветлыя героі супраціву, але, на жаль, баюся, што нават у добрым сцэнары «рыцарам на белых конях» давядзецца працаваць разам з дэлегатамі УНС. Таму варта сачыць за тым, як гэты інстытут пачне працаваць.

— Ці можна сёньня дастаткова ўпэўнена сьцьвярджаць, зыходзячы з усёй лёгікі падзеяў, што Лукашэнка пойдзе на прэзыдэнцкія выбары ў 2025 годзе?

— Быў прапісаны мэханізм, паводле якога былы прэзыдэнт аўтаматычна становіцца сябрам прэзыдыюму Ўсебеларускага народнага сходу. Але для Лукашэнкі выглядае небясьпечным варыянтам, калі ён застанецца ў УНС, нават старшынём, — але пры гэтым кагосьці іншага дапусьціць на прэзыдэнцкую пасаду (нават калі гэта будзе 100-працэнтна ляяльная фігура).

Бо кейс Назарбаева і Такаева ў Казахстане, я мяркую, вельмі нэгатыўна ўплывае на пэрспэктывы любых транзытаў улады ў Беларусі. Назарбаеў меў усе рычагі ўлады, паставіў на ўсе пасады сваіх родных альбо ляяльных людзей. І што мы бачым? Не прайшло і двух гадоў пасьля сыходу — і ўвесь юрыдычны і сымбалічны ўплыў Назарбаева быў зьнішчаны.

Гэта прыклад, на які Лукашэнка, відавочна, зьвяртае ўвагу. Як толькі зьявіцца нейкі іншы чалавек на адной з гэтых дзьвюх важных пасадаў — адразу для ўсіх гульцоў ён стане патэнцыйным пераемнікам. Адразу зьявяцца размовы і дзеяньні ў кірунку таго, што Лукашэнку ўжо можна прыбіраць. Гэта — натуральная спакуса для любога пераемніка.

З усяго гэтага вынікае, што Лукашэнка, найхутчэй, і старшынём УНС стане, і на выбары прэзыдэнта пойдзе. Ён ужо пачынае казаць, што ня трэба сьпяшацца, варта паглядзець, як усё гэта будзе працаваць. Пакуль не выглядае, што ўсё для яго так кепска, што ён вымушаны сыходзіць на «варыянт Б», на запасны аэрадром.

— У гэтым «варыянце А», калі Лукашэнка будзе ўтрымліваць усю паўнату ўлады і займаць адразу дзьве пасады — прадугледжаны працяг рэпрэсіяў ці магчымая спроба «перагарнуць старонку»?

— Цалкам зразумела, навошта Лукашэнку рэпрэсіі. Ёсьць страх 2020 году, ёсьць моцная траўма, страх, што такое можа паўтарыцца. Адсюль запалохваньне грамадзтва, якое ўлады проста робяць новай нормай. Людзі, якія жывуць у Беларусі, на жаль, вымушаныя вучыцца жыць пры гэтай «норме», вымушаныя чысьціць свае тэлефоны, нічога не выказваць публічна і гэтак далей.

Хутчэй Лукашэнка пад «перагортваньнем старонкі» разумее вось такую ненармальную «норму», каб усе прызвычаіліся жыць у новай рэпрэсіўнай рэчаіснасьці. Ніякіх спробаў пошуку дыялёгу з грамадзтвам няма, улады нават не ствараюць сеткі праўладных недзяржаўных арганізацыяў замест зьнішчаных. Ніякіх прыкметаў пачатку дыялёгу з грамадзтвам я ня бачу.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG