Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За «палітыку» адпраўлялі пад арышт і ў калёніі: каго зь беларускіх судзьдзяў Лукашэнка павысіў


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Днямі Аляксандар Лукашэнка падпісаў чарговы ўказ «Аб прызначэньні і звальненьні судзьдзяў». Некаторыя судзьдзі, якія выносілі палітычна матываваныя выракі, пайшлі на павышэньне, а аднаго зьнялі з пасады за «ўчыненьне правіны». Праваабарончы цэнтар «Вясна» прааналізаваў указ і расказвае пра рэпрэсіўных судзьдзяў і іх новыя пасады.

Прызначэньні ў Менску

Так, у Менску пасаду намесьніка старшыні суду Фрунзэнскага раёну заняў Андрэй Млечка. Паводле зьвестак праваабаронцаў, Млечка вынес сама меней 43 палітычна-матываваныя прысуды ў крымінальных справах і 85 рашэньняў у адміністрацыйных справах. У тым ліку ён разглядаў «справу ОГСБ» (тэлеграм-канал «Отряды гражданской самообороны Беларуси»), па выніках якой адправіў чатырох палітзьняволеных хлопцаў у калёнію на вялікія тэрміны.

Юлію Блізьнюк, якая была намесьніцай старшыні суду Фрунзэнскага раёну Менску, зьнялі з пасады і прызначылі судзьдзёй. Менавіта Блізьнюк вынесла прысуд за надпіс «Не забудзем» на месцы забойства Аляксандра Тарайкоўскага на Пушкінскай у Менску, судзіла палітвязьня Лявона Халатрана, а таксама адправіла ў калёнію бяздомнага Аляксандра Кутаса. Агулам Блізьнюк разглядзела сама меней 31 палітычную крымінальную справу і 129 адміністрацыйных.

Судзьдзю Дзьмітрыя Карсюка перавялі з суду Цэнтральнага раёну Менску і прызначылі намесьнікам старшыні суду Кастрычніцкага раёну сталіцы. Паводле праваабаронцаў, Карсюк — адзін з самых рэпрэсіўных судзьдзяў краіны: за тры з паловай гады бесьперапынных рэспрэсіяў у Беларусі ён асудзіў амаль 400 чалавек, 80 зь якіх — у крымінальных справах. З 313 чалавек, якіх ён асудзіў паводле адміністрацыйных артыкулаў, абсалютную большасьць ён адправіў на «суткі».

Карсюк вядомы сваімі прысудамі стрыечнаму брату Паўла Латушкі Анатолю, былому сьледчаму Ягору Вяршыніну, рэдактарцы беларускай газэты «Новы час» Аксане Колб і Дзьмітрыю Сончыку, у якога ў зьняволеньні здарыўся інфаркт, а пасьля — інсульт.

Аляксандар Рудэнка, які раней быў намесьнікам старшыні суду Кастрычніцкага раёну Менску, прызначаны судзьдзём Менскага гарадзкога суду.

За час сваёй працы на мінулым месцы Рудэнка пасьпеў вынесьці 22 палітычныя прысуды паводле крымінальных артыкулаў, а таксама 154 рашэньні ў адміністрацыйных справах. Сярод іншага, Рудэнка асудзіў актывістку руху «Маці-328» Марыну Кісялевіч, якой нядаўна замянілі «хімію» на калёнію, а таксама сябра ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі Юрыя Савіцкага.

Прызначэньні ў рэгіёнах

Яўгена Ерафеева прызначалі на чарговыя 5 гадоў судзьдзём суду Жлобінскага раёну.

За ўдзел у акцыях пратэсту, якія адбываліся 9 і 10 жніўня 2020 году ў Жлобіне, мясцовых жыхароў перасьледуюць да гэтага часу. Паводле «Вясны», Ерафееў з 2020 году асудзіў паводле крымінальных артыкулаў сама меней 30 чалавек, 12 зь якіх — на пазбаўленьне волі. Сярод іншага, ён адправіў у калёнію маці непаўналетніх дзяцей Людмілу Кірыленку і былога супрацоўніка БМЗ Ігара Поварава.

Судзьдзю Алесю Восіпаву перавялі з суду Цэнтральнага раёну Гомля ў Гомельскі абласны суд. Паводле зьвестак праваабаронцаў, яна пазбавіла волі паводле крымінальных артыкулаў сама меней 5 чалавек. Сярод асуджаных — Віктар Прусаў і Павал Ларчык.

Судзьдзя Марыя Гаўрыленка стала старшынёй суду Брагінскага раёну. У сьнежні 2020 году яна асудзіла палітвязьня Аляксандра Кулагу на 2 гады «хіміі» за «абразу Лукашэнкі».

Любоў Сівакова прызначаная на пасаду старшыні суду Пухавіцкага раёну замест судзьдзі Сяргея Васілеўскага. Раней яна працавала старшынёй суду Крупскага раёну. У сакавіку 2020 году Сівакова асудзіла на 1 год 6 месяцаў «хатняй хіміі» Сяргея Шынкевіча за «абразу» міліцыянтаў Дубровенскага аддзелу ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкаму.

Сяргей Васілеўскі стаў судзьдзём Менскага абласнога суду. Ён, паводле інфармацыі «Вясны», асудзіў паводле «палітычных» крымінальных артыкулаў чатырох чалавек, двух зь якіх — да пазбаўленьня волі.

А вось судзьдзю суду Лепельскага раёну Дзьмітрыя Васюка зьнялі з пасады «за ўчыненьне правіны, несумяшчальнай са знаходжаньнем на дзяржаўнай цывільнай службе». Раней ён асудзіў трох беларусаў на «хімію» за «абразу прадстаўніка ўлады» (арт. 369 Крымінальнага кодэксу).

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG