Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналісты высьветлілі, якія кватэры і машыны ў сям'і Эйсмантаў


Натальля Эйсмант, архіўнае фота, 2019
Натальля Эйсмант, архіўнае фота, 2019

Выданьне «Люстэрка» з дапамогай BELPOL высьветліла, якой нерухомасьцю і аўтамабілямі валодаюць прэс-сакратарка Аляксандра Лукашэнкі Натальля Эйсмант і яе муж, старшыня Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант.

У 2014 годзе тэлевядоўца Натальля Эйсмант стала прэс-сакратаркай Аляксандра Лукашэнкі і адной з набліжаных да яго асобаў. У 2018 прызначылі старшынём Белтэлерадыёкампаніі яе мужа Івана. У той жа год Натальля Эйсмант набыла кватэру ў Менску на вуліцы Ратамскай. У рэгістрацыйных дакумэнтах гэтая нерухомасьць адзначаная як аднапакаёвая, хоць плошча – 108,4 м2. Там прапісаныя Натальля з мужам.

Гэты дом уваходзіць у жылы комплекс «Алімпік Парк» побач з вадасховішчам Дразды і заказьнікам «Лебядзіны». Тэрыторыя комплексу абгароджаная і знаходзіцца пад відэаназіраньнем, там ёсьць аздараўленчы комплекс з басэйнам, саунамі, трэнажорнай заляй і рэстарацыяй. Жытло там каштуе даволі дорага. Напрыклад, у тым жа доме цяпер прадаецца кватэра меншая, чым у Эйсмантаў – 63,1 м², яна каштуе 794 315 рублёў або $ 245 000. Ёсьць яшчэ адна кватэра ў гэтым доме, такога ж мэтражу, але з прасьцейшым рамонтам, яе прадаюць за 462 810 рублёў або $142 750. Самая дарагая кватэра ў «Алімпік Парку» прадаецца за 1 604 840 рублёў або $495 000 – чатырохпакаёвая, плошчай 124,2 м².

Праз год, у 2019, Натальля Эйсмант набыла яшчэ адну кватэру агульнай плошчай 118,4 м2 на вуліцы Каменнагорскай, у дзевяціпавярховіку, пабудаваным у 2010 годзе. На сярэдзіну 2021 году не было інфармацыі аб зарэгістраваных у кватэры людзях.

Цяпер у гэтым доме прадаецца жытло. Праўда, няма абʼектаў з такой вялікай плошчай, як у Эйсмант. Самыя вялікія кватэры – трохпакаёвыя на 75-76 м², іх цана пачынаецца ад 290 000 рублёў (каля $ 90 000) і даходзіць да 325 000 рублёў (крыху менш за $100 000).

Таксама муж і жонка Эйсманты маюць два ўчасткі па 9 сотак у садовым таварыстве «Тэлесад» побач зь вёскай Чырвоны Бор Лагойскага раёну.

Што да аўтамабіляў, то Натальля афіцыйна валодае BMW X1 2013 году. Такі транспарт цяпер можна купіць прыкладна ад 42 000 рублёў (каля $13 000) да 53 000 рублёў (каля $16 500). На Івана зарэгістраваны Citroen 2004 году.

«Люстэрка» зазначае, што зьвесткі па маёмасьці прыведзеныя на сярэдзіну 2021 году.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG